Пастаўкі рыбы з Беларусі ў Расею павялічыліся ў 15 разоў


Павелічэнне экспарту ў Расею адбываецца на фоне росту закупак Беларуссю рыбы ў краінах ЕЗ, Нарвегіі ды Ісландыі.

Беларускія пастаўшчыкі адгрузілі ў Расею рэкордны аб’ём рыбы па выніках I квартала гэтага года – у 15 разоў больш, чым за аналагічны мінулагодні перыяд. У цэлым квартальныя пастаўкі сёлета адпавядаюць аб’ёму, які Беларусь паставіла на расейскі рынак за ўвесь мінулы год.

Па выніках I квартала гэтага года Беларусь паставіла ў Расею 2,3 тыс. тонаў рыбы на $ 4,4 млн, такія дадзеныя падае Белстат. У I квартале мінулага года беларускі экспарт склаў толькі 156 т на $ 339 тыс.

Пераважна Беларусь пастаўляе ў Расею марожаную рыбу, пастаўкі жывой неістотныя. У выпадку з беларускімі пастаўкамі ў Расею марожанай рыбы гаворка ідзе пра рээкспарт «санкцыйнай» прадукцыі, кажа выконваючы дырэктара расейскай Асацыяцыі вытворчых і гандлёвых прадпрыемстваў рыбнага рынку Аляксей Аронаў:

«Беларускія пастаўкі марожанай рыбы ў Расею – гэта рээкспарт. Абʼём гэтых паставак не настолькі істотны, таму казаць пра сурʼёзны ўплыў на расейскі рынак альбо пра ціск на расейскіх вытворцаў не выпадае».

У той жа час падставаў для канфіскацыі санкцыйнай прадукцыі, якая рээкспартуецца ў Расею, няма.

«Пастаўка на расейскі рынак беларускай прадукцыі ў выпадку яе перапрацоўкі абсалютна законная. Беларускія пастаўшчыкі часта проста перапакоўваюць тавар», – адзначыла прэс-сакратар Рассельгаснагляду Юлія Мелана.

Тым не менш супрацоўнікі Рассельгаснагляду правяраюць беларускія прадпрыемствы, каб перадухіліць пастаўкі няякаснай або шкоднай прадукцыі на расейскі рынак. У прыватнасці, пасля праверак Рассельгаснагляду быў забаронены ўвоз у Расею прадукцыі з беларускіх прадпрыемстваў ТАА «Камчацкая рыба» (Гарадзенская вобласць), ТАА «Ружовы кіт» (Менская вобласць) і ЗАТ «Мера Голд» (Гомельская вобласць).

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле «Известия», фотаздымак «Спутник»

Стужка навінаў