«Пастаўкі будуць ажыццяўляцца праз фірму-пракладку». ЛНР збіраецца гандляваць з Беларуссю вуглём


Кіраўнік «ЛНР» Ігар Платніцкі заявіў у інтэрвю расейскай газеце «Известия», што непрызнаная рэспубліка вядзе перамовы з Беларуссю наконт паставак вугалю.

Паводле Платніцкага, галоўная ўнутраная праблема ЛНР – немагчымасць цалкам рэалізаваць уласную прамысловую прадукцыю і вугаль.

«Мы вядзем перамовы з Беларуссю, Турцыяй, Кітаем. У першую чаргу, гаворка ідзе пра пакупку вугалю. Узнікаюць складанасці з вывазам прадукцыі, з афармленнем сертыфікатаў. Мы шукаем шляхі рашэння праблемаў, упэўнены, што выйсці знойдзем. Тут тонкая мяжа паміж эканомікай і палітыкай. Выхад новага гульца на рынак заўсёды неадназначна ўспрымаецца іншымі ўдзельнікамі», – заявіў Платніцкі ў інтэрвю расейскаму выданню.

Эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што цэны на вугаль, які прапануюць сепаратысты афіцыйнаму Менску, могуць быць вельмі выгаднымі.

«Паколькі ДНР і ЛНР вельмі патрэбны грошы, то, я думаю, і цана ў іх будзе дастаткова прывабная – Беларусь можа на гэтым зарабіць. Але, безумоўны, гэта можа паўплываць на ўзаемаадносіны паміж Беларуссю і Украінай. Гэта вялізарная цана. Калі мы пагонімся за тым, каб зарабіць на вуглі з ЛНР, напрыклад, 150 млн. долараў, а пры гэтым згубім 2 млрд. долараў з Украіны, то гэта, безумоўна, будзе не раўназначны абмен. Таму думаю беларускія ўлады 20 раз падумаюць перад тым, як кантракт заключыць», – адзначыў эканаміст у інтэрвю «Белсату».

На думку Раманчука, калі беларускія ўлады і ЛНР усё ж дамовяцца, то пастаўкі вугалю будуць адбывацца праз шэрыя схемы.

«Напрыклад, пасярэднікам будзе нейкая расейская кампанія. Яна купіць вугаль у ЛНР, а потым прадасі яго Беларусі і фармальна беларускі ўрад будзе купляць вугаль у расейскай кампаніі, а не ў кампаніі з ЛНР. Тады не будзе парушэння міжнароднага права, бо фармальна гэта будзе вугаль з Расеі. Гэта ж важна, якія дадзеныя будуць у дакументах. Паколькі Беларусь не прызнае ЛНР, то ў тых жа мытнікаў узнікне пытанне – а з якой краіны гэты тавар імпартуецца? У дакументах ЛНР у любым выпадку не можа быць – можа быць або Расея, або Украіна. Таму пастаўкі абавязкова будуць ажыццяўляцца праз нейкую фірму-пракладку», – мяркуе эксперт.

 

Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў