Пастанова №7 або Хто прызнаў Купалу, Караткевіча, Барадуліна і Алексіевіч дармаедамі і графаманамі?


У Менску прайшоў XVII З’езд Саюзу беларускіх пісьменнікаў. «Мне хацелася пачаць свой выступ са словаў: вітаю вас, дармаеды і сацыяльныя ўтрыманцы», – паіранізаваў у сваёй справаздачнай прамове старшыня СБП Барыс Пятровіч (Сачанка). Не выпадкова.

З’езд літаратараў-дармаедаў

Напярэдадні з’езду пачала дзеяць ганебная пастанова №7 Міністэрства культуры РБ «Аб вызначэнні пераліку творчых саюзаў» – гэткае своеасаблівае віншаванне творцаў з нагоды Дня роднай мовы і Сусветнага дня пісьменніка, што адбыліся надоечы. Саюз беларускіх пісьменнікаў – найстарэйшае творчае аб’яднанне Беларусі – быў выключаны з шэрагу творчых саюзаў. Ці яму папросту не знайшлі месца сярод афіцыйна вартых? Па сутнасці, пісьменнікаў прыраўнялі да дармаедаў. З усімі выніковымі.

Толькі ўявіце: Янка Купала, Якуб Колас, Іван Мележ, Уладзімір Караткевіч, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Пімен Панчанка, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін – усіх іх пасмяротна такім чынам назвалі трутнямі, якія не працавалі ўсё жыццё.

Адпаведна «Тутэйшыя», «Новая Зямля», «Паўлінка», «Людзі на Балоце», «Каласы пад сярпом тваім» і шматлікія вершы і песні, якія мы ведаем яшчэ са школы і назаўжды, – гэта нішто, не праца, нічога не вартае. Выходзіць, так?

Усе шэсць Народных паэтаў Беларусі былі сябрамі менавіта СБП. І цяпер – жывыя класікі Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Някляеў, Алесь Разанаў, Віктар Казько, Леанід Дранько-Максюк, Андрэй Федарэнка і шэраг іншых маладзейшых калег, якія ўжо сабралі ці збіраюць сусветна вядомыя ўзнагароды, на кнігах якіх выгадавалася не адно пакаленне, – яны лайдакі і няздары? Той самай пастановай №7 скасоўваецца і творчы стаж, які больш не ідзе ў працоўную кніжку. Напісаныя кнігі больш не ўлічваюцца ў кнізе працоўнай.

Кажуць, Беларусь – нацыя паэтаў. Але ж дзе назбіраць столькі паэтаў, каб яны выйшлі на вуліцы з Маршамі не толькі супраць Дэкрэту №3, але і супраць пастановы №7. Зашмат камічных і дурных лічбаў на адную нацыю.

Да ліку дармаедаў пры такім раскладзе належыць і адзіная Нобэлеўская лаўрэатка Беларусі ў літаратуры Святлана Алексіевіч, якая, да слова, сплаціла дзяржаве з прэміі амаль 200 000 долараў падаткаў.

Усе яны – «сацыяльныя ўтрыманцы». Колькі трэба змарнаваць сілаў і часу, каб напісаць добры твор? Ну, хаця б прыблізна… Напрыклад, усё жыццё – на тры зборнікі выдатных вершаў (Анатоль Сыс) або некалькі год у вымушанай эміграцыі (Уладзімір Някляеў) на адну кнігу «Так». Але цяпер шлях пісьменніка – на біржу працы. Як варыянт – можна набыць спраўную спецыяльнасць, перакваліфікаваўшыся ў фрэзероўшчыка на заводзе, як некалі год здолеў адпрацаваць іншы Набэлянт Іосіф Бродскі, сусветна вядомы «народны» суд над якім прыгадваецца сам сабою… Не ўтрымаюся працытаваць дастаткова значны кавалак – дужа красамоўна ён падкрэслівае цяперашнюю сітуацыю.

Постановлением народного суда Дзержинского района гор. Ленинграда от 13 марта 1964 года Иосиф Бродский за тунеядство был выселен из гор. Ленинграда сроком на пять лет.

Судья: Чем вы занимаетесь?

Бродский: Пишу стихи. Перевожу. Я полагаю

Судья: Никаких «я полагаю». Стойте как следует! Не прислоняйтесь к стенам! Смотрите на суд! Отвечайте суду как следует! (Мне). Сейчас же прекратите записывать! А то – выведу из зала. (Бродскому): У вас есть постоянная работа?

Бродский: Я думал, что это постоянная работа.

Судья: Отвечайте точно!

Бродский: Я писал стихи. Я думал, что они будут напечатаны. Я полагаю

Судья: Нас не интересует «я полагаю». Отвечайте, почему вы не работали?

Бродский: Я работал. Я писал стихи.

Судья: Нас это не интересует. Нас интересует, с каким учреждением вы были связаны.

Бродский: У меня были договоры с издательством.

Судья: У вас договоров достаточно, чтобы прокормиться? Перечислите: какие, от какого числа, на какую сумму?

Бродский: Точно не помню. Все договоры у моего адвоката.

Судья: Я спрашиваю вас.

Бродский: В Москве вышли две книги с моими переводами… (перечисляет).

Судья: Ваш трудовой стаж?

Бродский: Примерно

Судья: Нас не интересует «примерно»!

Бродский: Пять лет.

(…)

Судья: А вообще какая ваша специальность?

Бродский: Поэт. Поэт-переводчик.

Судья: А кто это признал, что вы поэт? Кто причислил вас к поэтам?

Бродский: Никто. (Без вызова). А кто причислил меня к роду человеческому?

Судья: А вы учились этому?

Бродский: Чему?

Судья: Чтобы быть поэтом? Не пытались кончить Вуз, где готовятгде учат

Бродский: Я не думал, что это дается образованием.

Судья: А чем же?

Бродский: Я думаю, это… (растерянно)… от Бога…

Судья: У вас есть ходатайства к суду?

Бродский: Я хотел бы знать, за что меня арестовали.

Судья: Это вопрос, а не ходатайство.

Бродский: Тогда у меня ходатайства нет.

Як і Бродскага, Саюз пісьменнікаў не мае свайго будынку – яго выселілі з Дому літаратара ўжо колькі гадоў таму. Ганарары цяпер мізэрныя нават у дзяржаўных выдавецтвах (некаторым даводзіцца выдаваць кнігі і за так – у незалежных, або шукаць спонсараў) – і гэта не для каго не сакрэт. І за сяброўства ў Саюзе даўно не даюць кватэраў і паездак на Іслач ці на суседнія курорты. Адзінае што застаецца – гэта гонар і сумленне.

Памятаю калі мяне запрасілі падаць заяву, і я праходзіла Секцыю паэзіі СБП, мне было 16 (прымалі, як выключэнне). Тады яшчэ быў адзіны саюз (без падзелу на незалежны і праўладны). Рэкамендацыі мне пашчасціла атрымаць у тым ліку і ад Рыгора Барадуліна. А словы падтрымання на з’ездзе выказваў Ніл Гілевіч (нягледзячы на іх светапоглядныя разыходжанні з дзядзькам Рыгорам). Цяпер разумею – гэта быў шалёны гонар, захапленне і радасць. У той самы разгляд чарговы раз не прынялі чальцоў літсуполкі «Бум-Бам-Літ». Памятаю, як спрачаліся на гэты конт, маўляў, трэба мець кнігу. А пасля, на маім першым з’едзе, якімі велічнымі, як вялізныя дрэвы, што хадзілі поруч з вершалінамі і каранямі, – мне падаваліся пісьменнікі, каго ў мяне нават язык не павярнуўся б назваць калегамі – я проста іх любіла як сваё, ведала іх творы на памяць і была шчаслівая размаўляць з ім, і перадусім – слухаць.

Яшчэ з тых часоў ува мне саспела разуменне, што той, хто абражае беларускую літаратуру і беларускіх пісьменнікаў, абражае мяне асабіста. А гэтая пастанова – абражае. І не толькі сучасную літаратуру, але і літаратуру той, якой яна была, і той, якой ёй быць. Нашую літаратуру. Нашую культуру. То бок – усіх нас, беларусаў.

Ізноў пра графаманаў

З’езд СБП, фота А. Кісялёва

Здавалася, гэты тэрмін быў модны гадоў з тузін таму, а цяпер і абражаць ім ужо неяк некамільфо. Але некаторыя – працягваюць.

Вельмі недарэчна чытаць у паўсяброў СБП сцверджанні пра савецкасць арганізацыі. Пісьменнікі і трапілі ў спіс абраных творчых дармаедаў, бо перадусім паўставалі і паўстаюць супраць пануючай сістэмы, заўжды мелі свой голас і смеласць выказваць нязручныя пазіцыю – бараніць мову, выступаць у падтрыманне Курапатаў (цяпер), змагацца за захаванне нашае культуры, незалежнасці, нацыянальнай годнасці і памяці.

Можна было б напісаць, што «хлопчыкі працягваюць стаяць на сцэне Дому літаратара са спушчанымі штанамі і тураваць недарэчныя байкі пра беларускіх класікаў, спрабуючы, як казаў Анатоль Сыс, «хоць за сраку ўшчыкнуць, але дакрануцца да Вечнасці»». Але навошта. Да павагі змушаць – не варта і немагчыма.

Калі я ўпершыню была на з’ездзе СБП, а было тое больш за тузін гадоў таму, Уладзімір Някляеў, які намінальна яшчэ быў старшынём саюзу, пачаў свой выступ, звяртаючыся да залі, так: «Тут няма нікога, хто супраць Беларусі…». Цяпер, на жаль, ёсць.

Вельмі незразумелая і дзіўная тэндэнцыя – не цаніць, абражаць і валіць у няпростай сітуацыі сваіх жа – і як файна, што ў гэтай беларускай традыцыі перыядычна знаходзяцца выключэнні. Усе кнігі і пераклады, якія я маю на сёння – гэта не дзякуючы саюзу. Але ўсе тыя перакананні ў культуры, павага да сваіх – гэта і дзякуючы яму.

Калі я была шкалёнкам і падлеткам, то мела гонар выступаць са сцэны Дому літаратара разам з Нілам Гілевічам, Сяргеем Законнікавым, Янкам Брылём – гэта маё маленства і маё юнацтва. Гэта тое, што i’m lovin’ it, чаго не магчыма выракчыся ці зняважыць. І кнігі ўсіх іх, чые прозвішчы я ўжыла ў гэтым артыкуле, – сярод сусветнай класікі стаяць у маёй бібліятэцы, якая потым пяройдзе маім дзецям. Гэта гучыць пафасна. Але гэта вельмі важна.

Ніколі не варта глядзець ні на каго зверху ўніз (нават калі гэты верх толькі ўяўнасць), калі не дапамагаеш яму падняцца. Асабліва – калі гэта твая ўласная літаратура і культура. Ці працягні руку. Ці хаця б моўчкі – давай, праходзь. Знойдуцца тыя, хто мае сілы не пхнуць, а падтрымаць. А на дабро – перакананая – акурат трэба больш сілаў.


З заявы сакратарыяту ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» з нагоды выключэння СБП з пераліку творчых саюзаў.

(…) Сярод заснавальнікаў нашага творчага саюзу ў 1934 годзе былі Янка Купала і Якуб Колас, Змітрок Бядуля і Янка Маўр, а ў кіраванні ім удзельнічалі ўсе без выключэння народныя паэты і пісьменнікі Беларусі, у тым ліку Міхась Лынькоў і Аркадзь Куляшоў, Янка Брыль і Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч.

Мы лічым, што неўключэнне Міністэрствам культуры нашай пісьменніцкай арганізацыі ў лік творчых саюзаў мае палітычную афарбоўку і з’яўляецца ганебным крокам, які шкодзіць нацыянальнаму і грамадска-культурнаму развіццю краіны, правакуе міжнародны рэзананс і негатыўна ўплывае на імідж нашай дзяржавы. ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» мае дзесяцігоддзямі пацверджаны высокі міжнародны аўтарытэт, разам з 70 пісьменніцкімі саюзамі краін Еўропы ўваходзіць у Еўрапейскую пісьменніцкую раду, з’яўляецца правадзейным сябрам Генеральнай асамблеі Рады пісьменнікаў Балтыі.

Ад імя сяброў найстарэйшай творчай арганізацыі краіны патрабуем перагляду пастановы, прынятай Міністэрствам культуры, і вяртання нашаму грамадскаму аб’яднанню статуса творчага саюза.

Валярына Кустава

Стужка навінаў