Пасол Ізраілю: Разважаць, хто вінаваты ва Украіне, – не спрыяе пагашэнню канфлікту


Калі паміж Ізраілем і Беларуссю пачне дзейнічаць бязвізавы рэжым ды якія ўзаемаадносіны існуюць паміж ізраільскім паслом і кіраўніком Беларусі? Амбасадар Ізраілю Ёсэф Шагал даў эксклюзіўнае інтэрвю «Белсату».

Пра адмену візаў

Бязвізавы рэжым паміж Беларуссю і Ізраілем запрацуе толькі ўвосень. «Беларусь падпісала дакументы 12 студзеня, далей былі выбары ў Ізраілі. Пры добрым раскладзе (лета, на жаль, выпадае) атрымліваецца: з верасня візавы рэжым будзе адменены і мы зможа падарожнічаць без спецыяльных дакументаў», – заўважыў спадар Шагал.

Пра эканамічную супрацу

Беларусь прывабная для ізраільскага бізнесу, паколькі з’яўляецца часткаю Еўразійскага эканамічнага саюзу. «Мы б хацелі супрацоўнічаць, не быць чальцом Еўразійскага эканамічнага саюзу, але супрацоўнічаць з ім. Чаму? Па-першае, гаворка вядзецца пра вялікую прастору, пра новы рынак, дзе расейская мова – хадавая, а ў Ізраілі 18% насельніцтва – расейскамоўныя, і вельмі шмат бізнесменаў, для якіх гэтае асяроддзе – арганічнае. Адпаведна, іх інтарэс паглыбляецца яшчэ і гэтым. Адно – весці справу ў Кітаі ці Індыі, ці краінах Індакітаю, а зусім іншае – на той прасторы, якая з’яўляецца для цябе зразумелай і блізкай, дзе ў цябе ёсць знаёмыя і сувязі. Усё гэта выгодна і камфортна», – заўважыў амбасадар Ізраілю.

З іншага боку, паводле яго, не зусім ясныя перспектывы Еўразійскага эканамічнага саюзу, таму можна казаць толькі пра эканамічныя сувязі з Беларуссю. У міжнародным бізнесе перашкаджае недастатковая інфармаванасць, што такое Беларусь. «Вельмі шмат публікацый і меркаванняў, выказванняў, цытат, якія разам уяўляюць даволі пярэстую мяшанку, у якой даволі цяжка аддзяліць зерне ад пустазелля, то бок дзе праўда, дзе вымысел, дзе рэальнасць, дзе надуманасць, дзе падвойныя стандарты, дзе ісціна – вельмі складана разабрацца, асабліва для чалавека, які займаецца бізнесам. У мяне ёсць грошы і я хачу іх укласці, інвеставаць, але падумайце самі: ці стану я гэта рабіць з краінаю, дзе ёсць нейкія пытанні. Канешне, не. Я пайду ў той бок, дзе ўсё стабільна».

Большая інфармаванасць пра тое, чым ёсць Беларусь, спрыяла б пашырэнню эканамічных сувязяў. «Але тармозіць бэкграунд, другі план, які вельмі перашкаджае. Мы спрабуем у пасольстве неяк патлумачыць, тут ёсць пэўныя кантакты ў нас».

Пра ўзаемаадносіны з уладамі

Спадар Шагал заўважыў, што мае з уладамі Беларусі вельмі сяброўскія і прыязныя адносіны. Паводле яго, на атмасферы гэтых дачыненняў можа адбівацца пазіцыя Ізраілю па іншых краінах былога Савецкага Саюзу. «Мы стараемся, вядзем актыўны дыялог, гаворым пра шмат якія пытанні і праблемы. Але мы стараемся, па-першае, не навязваць свайго пункту зору, стараемся паважаць права любой дзяржавы і кіраўніцтва краіна на сваё бачанне сітуацыі».

Пра правы чалавека

У ААН найчасцей абмяркоўваюць невыкананне правоў чалавека ў Ізраілі, тым не менш гэта не перашкаджае грамадзянам Ізраілю лічыць сябе грамадзянамі дэмакратычнай краіны, падкрэсліў спадар Шагал. «Само паняцце правоў чалавека і іх выканання прачытваецца не заўсёды адназначна, то бок ёсць заўсёды некалькі пунктаў гледзішча на гэты конт: ёсць пункт зору Еўразвязу, Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, ЗША, Кітаю, Беларусі… Ёсць вельмі шмат пунктаў бачання».

Адзін з прынцыпаў палітыкі Ізраілю – не выказвацца пра выкананне правоў чалавека ў іншых краінах, бо гэта заўсёды вельмі субектыўна. Такі падыход – гэта не спроба «закапаць галаву ў пясок», але дыктуецца павагай да суверэнітэту кожнай краіны. заўважыў пасол. «У гэтым сэнсе характэрная, мне здаецца, пазіцыя Ізраілю адносна падзей ва Украіне. Гэта і нас тычыцца ў немалой ступені, бо ў Ізраілі рэпатрыянты з Украіны, Расеі, Беларусі».

Афіцыйны Ізраіль не выказваецца са сваім пунктам гледзішча адносна канфлікту на Данбасе, гаворачы толькі пра адно: гатовы прыкласці ўсе намаганні, каб урэгуляваць канфлікт як мага хутчэй. «Разважаць пра тое, хто мае рацыю, а хто вінаваты, з нашага пункту гледжання, – гэта не спрыяе пагашэнню канфлікту, урэгуляванню, а наадварот гэта магло б мець адваротны эфект. Таму мы ўстрымліваемся ад афіцыйных выказванняў, займаем нейтральную пазіцыю».

Выказванне Лукашэнкі пра габрэяў

Пасол Шагал згадаў, што гуляў у маладосці ў Клубе вясёлых і знаходлівых, таму мяркуе, што мае добрае пачуццё гумару. З гумарам ён успрыняў словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ўсіх габрэяў трэба паставіць на ўлік.

«Калі галава дзяржавы, прэзідэнт у штогадовым звароце да народу і парламенту краіны падымае аднаго габрэя, скардзіцца на другога, а ў сведкі заклікае трэцяга габрэя – гэта не антысемітызм», – мяркуе амбасадар.

Ён адзначыў, што сёлета 9-га траўня пасля ўскладання кветак на плошчы Перамогі кіраўнік Беларусі традыцыйна паціснуў рукі ўсім замежным паслам. «Калі дайшла чарга да мяне, мы павіншавалі адзін аднаго з Днём Перамогі. А ён мне сказаў: «Усё будзе добра. Паверце». А я сказаў: «Я зусім у гэтым не сумняюся». Я б хацеў, каб нашыя адносіны, я маю на ўвазе дачыненні паміж нашымі краінамі, а таксама паміж уладамі і габрэйскай абшчынай у Беларусі былі менавіта такімі. Яны ўласна такія і ёсць. Наўрад ці нешта здарыцца адваротнае, як бы гэтага не хацелася шмат каму. Я на прыкладзе гэтага скандалу – а гэта скандал! – раптам пабачыў, як шмат людзей хацелі б, каб «габрэйская нота» аказалася заточанай і накіраванай супраць уладаў тут. Гэта было б карысна камусьці, несумненна, інакш не было б такога рэзанансу».

Больш – у відэа.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў