Пасля завалу шахты ў Салігорску прайшлі суткі. Галоўнае


Ратавальнікі працягваюць пошукі двух рабочых, якіх засыпала соллю на рудніку ў Салігорску.

У змену паміж 11:50 і 18:50 на рудніку 3-га рудаўпраўлення «Беларуськалію» падчас працы рабочых на праходчым камбайне адбыўся неспадзяваны выкід солі і газу. На апараце беларускай вытворчасці працавалі 45-гадовы машыніст Максім Іваноў і 33-гадовы горнарабочы Дзмітрый Валькоў.

Схема праходчага камбайну ПКС-8. Машына прызначаная для бурэння саляной пароды і яе пагрузкі на адмысловыя вазкі, якія знаходзяцца за камбайнам. На схеме бачнае размяшчэнне кабіны машыніста
Камбайн ПКС-8 падчас працы

Дзяжурны прадпрыемства сказаў «Белсату», што няма інфармацыі, ці рабочыя жывыя.

У неафіцыйнай размове з TUT.BY гарнякі распавялі, што пад канец змены ў месцы, дзе працавалі Валькоў і Іваноў, знікла святло. Майстар, які адказваў за той частак, пайшоў да рабочых, але пабачыў, што тунэль завалены. Таксама ў майстра спрацаваў датчык метану.

«Гэта была эксперыментальная ходка. Рацыянальная прапанова для паляпшэння вытворчасці, – сказаў адзін з шахцёраў. – Калісьці тут ужо вяліся горныя работы, і вось праз гады, туды зноў вярнуліся. Парода там абвальвалася, таму для бяспекі прыдумалі спецыяльныя крапяжы».

Гарнякі кажуць, што даўжыня абрынутай пароды – 50 метраў.

«Беларуськалій» падае, што аб’ём выкіду склаў 600 кубічных метраў горнай масы.

Следчы камітэт распачаў праверку

У суботу ў шахту спусціліся следчыя. Яны аглядаюць месца здарэння, збіраюць і фіксуюць сляды, канфіскуюць вытворчую і тэхнічную дакументацыю, якая рэгламентуе парадак правядзення гэтых відаў горных работ, дапытваюць рабочых і службовых асобаў «Беларуськалію».

Шанцы рабочых

У размове з «Белсатам» выпускнік факультэту геалогіі Варшаўскага ўніверсітэту дапусціў, што шахцёры маглі схавацца ў камбайне і скарыстацца маскамі і кіслароднымі балонамі, якія маглі мець з сабой. Аднак паводле нашага суразмоўцы, хапіць кіслароду ў такім выпадку можа толькі на некалькі гадзінаў.

Метан не таксічны, але дыхаць гэтым газам людзі не могуць. «Дыхаючы адным метанам пражыць можна роўна столькі, колькі чалавек можа вытрымаць без кіслароду. Таму ўсё залежыць ад ягонай канцэнтрацыі ў шахце», – сказаў «Белсату» аспірант-хімік Юрый Мартыненка.

«Соль раз’ядае слізневую абалонку і раздражняе скуру, доўгі кантакт з соллю можа знішчыць скураны пакроў», – распавёў «Белсату» медык.

10 сакавіка для расследавання прычынаў і акалічнасцяў здарэння на прадпрыемстве стварылі адмысловую камісію.

Кіраўніцтва краіны здарэнне не каментуе.

ДД

Стужка навінаў