«Пасля заняткаў ёгай і добрай медытацыі заўсёды знаходзіцца месца для паркоўкі»


Напярэдадні Міжнароднага дня ёгі, які пройдзе ў нядзелю, 21 чэрвеня, удзельнікі руху #followminsk зладзілі святочную прабежку ў парку Чалюскінцаў, пасля якой правялі сеанс ёгі.

«Адна з наведніц маіх заняткаў нядаўна сказала, што ў яе дзеці школу закончылі. Я не паверыў! Думаў, ёй гады 24! Людзі ёгі – людзі без узросту», – кажа інструктар ёгі свайму калегу, пакуль удзельнікі руху #followminsk бягуць пяць і сем кіламетраў.

У касцяку каманды бегуноў каля дваццаці чалавек. Сёння сабралася больш. «Мне падабаецца любая актыўнасць. Цяпер лета, самы час для прабежак. Тым больш, што бег – выдатныя лекі ад дэпрэсіі. Як толькі пачынаецца, адразу трэба бегчы. А сюды мяне сяброўка прывяла», – усміхаецца Вікторыя Гарбаценкава і глядзіць на Таццяну, што побач з ёй на дыванку рыхтуецца да замінкі.

«Бегаю няшмат: шэсць, восем кіламетраў, – кажа Таццяна Мазанік. – Пачала чатыры гады таму. Спачатку бегала на школьным стадыёне, потым пачала выбіраць маршруты, дзе больш чыстае паветра. Цяпер бяру з сабой на прабежкі і сваё дзіця. Бег адназначна ўплывае на здароўе. Раней з прастуднымі захворваннямі сутыкалася амаль штогод. Цяпер калі раптам адчуваю, што пачынаю захворваць, адразу іду на прабежку».

Галоўнае – адарваць сябе ад канапы

«Мы стварылі гэты грамадскі рух, калі зразумелі, што бег набірае папулярнасць, але людзям не хапае кампаніі, – распавядае арганізатарка #followminsk Вольга Грынёва. – Некаторыя баяцца альбо саромеюцца бегаць, іншым не хапае інфармацыі, як бегаць правільна. Мы гэтым рухам аб’ядналі і тых, хто толькі пачынае бегаць, і тых, хто гэта робіць рэгулярна. Прытым бег не патрабуе асаблівых грашовых уліванняў, паколькі фактычна адзінае, што тут важна мець, – бегавыя красоўкі. І ключавая рэч – адарваць сябе ад канапы».

Заняткі #followminsk праходзяць штотыдзень. Аднак трэба сачыць за абвесткамі пра збор, таму што кожны раз мяняецца і час, і месца. «Мы на занятках імкнёмся даваць карысную інфармацыю пра бег, робім размінку, бо нельга ж проста так узяць і стартануць. Пасля бегу ладзім замінку. Бо нельга і рэзка спыніцца, мышцы трэба падрыхтаваць да расслаблення. Сёння ў нас замінка ў выглядзе ёгі. З яе дапамогай мы будзем супакойваць мышцы», – тлумачыць Вольга.

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Як медытацыя звязаная з месцамі на паркоўцы

Андрэй Ляшчынскі, адзін з інструктараў ёгі, звязвае з заняткамі проста неверагодныя цуды штодзённасці. Не разбярэш, ці то праўда, ці то не.

«Я стаў займацца ёгай, бо мне хацелася стаць больш моцным і мудрым. Напачатку гэта была проста размінка для цела. Такая «лянівая спартзала». Потым арганізм пачаў патрабаваць спакою розуму: менш словаў, а больш шчасця і камфорту. Пасля ведаў і энергіі стала так шмат, што захацелася імі дзяліцца. З ёгай нават жаданні пачынаюць здзяйсняцца! Банальны прыклад: прыязджаеш на працу ў цэнтр гораду, дзе шмат машын. І неяк так адбываецца, што пасля заняткаў ёгай і добрай медытацыі заўсёды знаходзіцца месца для паркоўкі. Дасылаеш намер, і ўсё атрымліваецца. Раней такога не было», – смяецца Андрэй.

Інструктар Аляксей Кароль пачаў прафесійна займацца ёгай тры гады таму, хаця ведаў пра яе яшчэ ў дзяцінстве.

«У майго бацькі была кніга пра ёгу, яшчэ савецкая, там разглядалася ёга як гімнастыка. Але ёга – не толькі гімнастыка цела. У перакладзе з санскрыту ёга – гэта адзінства, аб’яднанне цела, розуму і духу. Якраз тое, да чаго я імкнуся: да гармоніі. Прысвячаю ёзе амаль увесь свой час. Гэта мая праца, мой лад жыцця і думак», – распавядае Аляксей.

Інструктар ёгі раіць наладоўваць не толькі тэлефон, але і сябе. Чысціць не толькі зубы, але і розум.

Вера Прарочанка бачыць шлях да шчасця ў гармоніі. А гармонію – у ёзе.

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

«Людзі бачаць шчасце ў розных рэчах: у каханні, ва ўзаемаразуменні, у добрай працы, грошах, бізнесе і гэтак далей. Усё гэта магчыма, калі чалавек у гармоніі з сабой. Ёга дапамагае дасягнуць гэтай гармоніі. Для гэтага трэба працаваць на ўсіх узроўнях. Па-першае, з целам. Па-другое, з дыханнем. Мы выкарыстоўваем свае лёгкія на 30 адсоткаў. Гэта тое самае, што вы наладавалі свой тэлефон толькі на 30 адсоткаў. Зразумела, што ён хутка разладуецца, і сувязь перарвецца. Гэтак жа і з энергіяй. Насамрэч, вы можаце хутчэй прымаць рашэнні, быць больш актыўным, вясёлым і жыццярадасным, але ў той самы час захоўваць спакой і ўсё паспяваць», – тлумачыць Вера.

Асобна інструктарка выдзяляе важнасць медытацыі. Нельга проста сказаць сабе: не думай. Гэта наўрад ці спрацуе. Медытацыя ж дапамагае дасягнуць спакойнага стану розуму. Аптымальны час для заняткаў медытацыяй – дваццаць хвілін раніцай і ўвечары.

«Хтосьці скажа: «О, занадта шмат». Але ж вы не кажаце, што занадта шмат чысціць зубы два разы на дзень, ці прымаць душ. Чаму? Таму што гэта натуральнае ачышчэнне цела. Таксама натуральнае і ачышчэнне розуму ад эмоцый, уражанняў, стрэсу. Вы зразумееце гэта па вашым стане, які будзе добрым цягам усяго дня», – упэўнівае Вера і запрашае ўсіх у нядзелю ў парк Горкага, каб бліжэй пазнаёміцца з ёгай.

[vc_single_image image=”7″ img_size=”large”]

Чаго чакаць у Менску ў Міжнародны дзень ёгі

У нядзелю, 21 чэрвеня, у парку Горкага можна будзе наведаць:

  • больш за 30 майстар-класаў ад прафесійных выкладчыкаў ёгі
  • урокі санскрыту
  • традыцыйны роспіс хной
  • індыйскія танцы
  • асновы старажытнага вучэння Аюрведы

На працягу ўсяго дня на галоўнай сцэне будуць ісці выступы і прэзентацыі розных стыляў і кірункаў ёгі.

Дарэчы, абвесціць 21 чэрвеня Міжнародным днём ёгі прапанаваў на Генеральнай Асамблеі ААН прэм’ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі. 175 краінаў падтрымалі гэтую ідэю.

Настасся Маланка, belsat.eu

Стужка навінаў