Пасля Telegram Масква можа паспрабаваць заблакаваць Viber


Калі расейскія спецслужбы не атрымаюць доступ да ключоў шыфравання распрацаванай у Беларусі праграмы інтэрнет-сувязі Viber, яны могуць атрымаць дазвол на блакаванне мэсэнджара, як гэта было з Telegram, заявіў міністр сувязі Расеі Мікалай Нікіфараў.

«Гэта пытанне да Федэральнай службы бяспекі… Калі ў іх будуць праблемы з атрыманнем ключоў шыфравання, то яны гэтаксама могуць звярнуцца ў суд і атрымаць аналагічнае судовае рашэнне», – цытуе міністра ТАСС.

Улады Расеі з 16 красавіка спрабуюць заблакаваць працу Telegram. У сакавіку Майкл Шмілаў, аперацыйны дырэктар кампаніі Viber Media S.a.r.I., якая валодае аднайменным мэсэнджарам, паведаміў, што Viber не зможа выканаць патрабаванне ФСБ РФ.

Японская кампанія Rakuten набыла ў 2014 годзе беларуска-ізраільскі сэрвіс Viber за $900 мільёнаў.

Цяпер цэнтры распрацоўкі Viber Media S.a.r.I. месцяцца ў Менску і Берасці, фірма з’яўляецца рэзідэнтам Беларускага парку высокіх тэхналогіяў.

Летась Viber меў у свеце каля 900 мільёнаў рэгулярных карыстальнікаў.

«Мы па-ранейшаму прытрымліваемся палітыкі строгай канфідэнцыяльнасці і бяспекі зносінаў карыстальнікаў. Менавіта таму ў Viber па змаўчанні выкарыстоўваецца прынцып поўнага шыфравання ўсіх чатаў і званкоў… Калі вы адпраўляеце паведамленне ў Viber, яно застаецца зашыфраваным, пакуль не будзе дастаўленае адрасату. Пасля дастаўкі інфармацыі, яна не захоўваецца на нашых серверах», – гаворыцца ў паведамленні на расейскамоўнай старонцы.

Спробы расейскіх уладаў заблакаваць Telegram прывёў да праблем у працы шматлікіх расейскіх інтэрнет-службаў і сайтаў, у тым ліку дзяржаўных. Страты расейскіх кампаніяў і арганізацыяў рознай формы маёмасці ад дзеянняў уладаў могуць скласці да 1 мільярда долараў.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў