Пасля скаргі пасажыра бабруйская фірма зняла георгіеўскую стужку са свайго аўтобуса


Спрэчны сімвал у берасцейскім аўтобусе, канец ліпеня 2017

Усё часцей беларусы пішуць скаргі з патрабаваннем прыбраць георгіеўскія стужкі і расейскія сцягі з транспартных сродкаў і дамагаюцца сваёй мэты.

Жыхар Смаргоні Юрый Кутузаў вяртаўся з Варшавы на аўтобусе «Менск-Прага», які належаў бабруйскай турыстычнай кампаніі «Візіт-Тур».

Напачатку пасажыра ўсё задавальняла – аўтобус сучасны, камфортны. Але пазней ён пабачыў у кабіне кіроўцы георгіеўскую стужку…

«Здзівіла нахабнасць экіпажу, які выязджае ў Еўропу з гэткім сімвалам на дзяржаўным аўтобусе, і яшчэ больш – талерантнасць памежнікаў еўрапейскіх краінаў, якія прапускаюць з такой стужкай на сваю тэрыторыю. Я ехаў з дзіцём, таму не стаў уступаць у спрэчкі ці рабіць заўвагі, шчыра кажучы – каб не псаваць яшчэ больш настрой. Але, вярнуўшыся з Польшчы, даслаў ліст з прэтэнзіяй у тую кампанію», – напісаў Юрый на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

У выніку мужчына атрымаў адказ, што згодна з пунктам 37 дадатку № 4 Правілаў дарожнага руху стужка была прыбраная з аўтобуса, а кіроўцам было ўказана на недапушчальнасць падобных дзеянняў.

А берасцеец Ігар Маслоўскі паскардзіўся ў абласную ДАІ і Берасцегартранс на расейскі сцяг на лабавым шкле гарадскога аўтобуса. Кіроўца, дарэчы грамадзянін Расеі, катэгарычна адмовіўся яго прыбраць, калі яму было прапанавана гэта зрабіць у добраахвотным парадку.

«Мне, як жыхару Берасця, незразумела, чаму менавіта сцяг Расеі прымацаваны на лабавым шкле транспартнага сродку. Аўтобус, які абслуговае маршрут №6, зʼяўляецца дзяржаўнай уласнасцю і належыць Рэспубліцы Беларусь. Пры напісанні скаргі я звярнуў увагу, што грамадскі транспарт абслугоўвае людзей з рознымі поглядамі, перакананнямі, сімпатыямі да той ці іншай краіны. Таму я прапанаваў на лабавым шкле размяшчаць сцягі дзясяткаў краін. Я асабіста сімпатызую Швецыі, Францыі і Славеніі», – распавёў Belsat.eu Ігар Маслоўскі.

У чэрвені пасля скаргі берасцейскага незалежнага журналіста Алеся Ляўчука, які пабачыў георгіеўскую стужку ды расейскі сцяг на машынах камунальнікаў, на кіроўцаў быў складзены пратакол і яны былі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці.

Трэба адзначыць, што аранжава-чорную стужку, якую ў Расеі называюць «георгіеўскай», пачалі негалосна пазбягаць у Беларусі праз год пасля таго, як яна фактычна зрабілася сімвалам расейскіх акупантаў і прарасейскіх сепаратыстаў ва Украіне.

СА, belsat.eu

Стужка навінаў