Пасля розгаласу ў незалежных СМІ жыхарам Альшанкі ўрэшце далі ваду


Ужо на наступны дзень на ўскраек гораду прыехаў старшыня гарвыканкаму і дырэктар «Водаканалу».

На працягу апошняга месяцу сітуацыя ў 40 дамах на ўскрайку Горадні нагадвала гуманітарную катастрофу. Пасля паломкі воданапорнай сістэмы, вада ў былой вёсцы, якая цяпер адносіцца да гораду, знікла.

Ніякіх мабільных цыстэрнаў ніхто не прывёз, нягледзячы на звароты жыхароў. У выніку людзям даводзілася праць бялізну і мыць посуд у дажджавой вадзе…

На наступны дзень пасля з’яўлення матэрыялу «Белсату» на вуліцу Стараальшанскую прыехалі і супрацоўнікі «Водаканалу», і нават … старшыня гарвыканкаму Мечыслаў Гой.

«Прыехалі восем супрацоўнікаў, яны там трубы чысцілі ці што… усё паправілі хутка. Быў нават дырэктар «Водаканалу». Казалі, што і мэр прыязджаў, але я сам не бачыў», – распавядае сталы жыхар раёну.

Цяпер сітуацыя ў Альшанцы стабільная, на падворках сушыцца чыстая бялізна, вада ў трубах ёсць, што не без гонару дэманструюць жыхары, адкручваючы вентыль.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў