Пасля рэпартажу «Белсату» чыноўнік-карупцыянер са Слоніму трапіў пад следства


«Герой» расследавання Алеся Залеўскага зацікавіў праваахоўнікаў, журналіст абяцае працяг гісторыі.

«Тыдні два таму патэлефанавалі жыхары Слоніму і паведамілі, што былы кіраўнік Слонімскага ЖРЭА Мікалай Сыантовіч цяпер пад следствам. Пра гэта паведаміла «Зона Х» (праграма крымінальнай хронікі на дзяржтэлебачаннізаўв.) Мы праверылі, і сапраўды аказалася, што чыноўнік пад следствам, быў адхілены ад пасады і ў следстве – прынамсі так падае «Зона Х» – фігуравалі артыкулы па перавышэнні службовых паўнамоцтваў і па карупцыі», – распавёў Belsat.eu Алесь Залеўскі.

Рэпартаж ягонай праграмы «Людскія справы» пра карупцыю ў слонімскім ЖКГ выйшаў у кастрычніку 2014 года.

У ім распавядалася гісторыя жыхароў вуліцы Танкістаў у Слоніме, якім падчас прыватызацыі выставілі кошты капітальнага рамонту, які па сутнасці ў іх і не праводзіўся.

Syantovich

Мікалай Сыантовіч (злева)

Як кажа Алесь Залеўскі дом кіроўцы Мікалая Сыантовіча, як і ягонай нявесткі, былі пабудаваныя з перавышэннем службовых паўнамоцтваў. Хутка вядучы «Людскіх справаў» абяцае працяг слонімскай гісторыі:

«Крыху прыкра перад мясцовымі жыхарамі: яны нас клікалі, прасілі дапамогі, нават пасадзяць каго, але людзям мы пакуль не дапамаглі. Таму бліжэйшая нашая праграма будзе прысвечаная гэтай тэме: змаганне з карупцыяй ніяк не адбіваецца на канкрэтных людзях, на жыцці краіны, на камфорту жыцця тут. Сама сістэма генеруе карупцыю, пасля проста змяняецца чалавек, а пасада ў межах гэтай сістэме застаецца».

Алесь Залеўскі ў свой час быў пакараны за рэзанансны рэпартаж. Яго асудзілі за «працу без акрэдытацыі», прызначыўшы вялізны штраф – каля $ 500 паводле тагачаснага курсу. Журналіст у сваю чаргу кажа, што праца ягонай каманды дала імпульс, каб парушэннямі слонімскага чыноўніка зацікавіліся адпаведныя органы. А той штраф узгадвае з усмешкай:

«Я ж працую ў Беларусі, не прыехаў жа працаваць сюды з нейкімі ілюзіямі, чаканнямі, я дапускаў такую рэакцыю. Мне хапіла рэакцыі персаналу суда ў Слоніме: усе ягоныя працаўнікі падчас разгляду маёй адміністратыўнай справе па працы без акрэдытацыі сабраліся ў зале паседжання і з вялікай цікавасцю глядзелі гэты рэпартаж. Ухвалялі».

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў