Рэканструкцыю кінастудыі скончаць налета.
Спазненне на два гады звязанае з праблемамі фінансавання і працай падрадчыкаў.
Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» плануе скончыць рэканструкцыю свайго будынку неўзабаве.
«Рэканструкцыя кінастудыі завершыцца ў 2017 годзе», – заявіла на прэсавай канферэнцыі ў Менску старшыня аддзелу па кінематаграфіі міністэрства культуры Беларусі Ірына Белякова.
Першапачаткова меркавалася, што рэканструкцыя будзе скончана ў 2015 годзе, пасля гэтага тэрміны пераносіліся некалькі разоў.
Паводле Беляковай, затрыманне звязанае з шэрагам прычын, у прыватнасці, з праблемамі фінансавання і працай падрадчыкаў.
Чыноўніца адзначыла, што «Беларусьфільм» пасля рэканструкцыі зможа вырабляць да 10 гульнявых, каля 40 негульнявых і 15 анімацыйных карцін у год. Дзяржаўныя рэсурсы пры гэтым будуць накіроўвацца на конкурснай аснове на стварэнне фільмаў, «якія маюць асаблівую ідэалагічнае і маральна-выхаваўчае значэнне».
«Фільмы павінныя, мы спадзяемся на гэта, выклікаць у беларускіх гледачоў пачуццё гонару за нашу краіну і спрыяць фармаванню станоўчага іміджу за мяжой», – цытуе Белякову «Інтэрфакс».
Паводле яе, асаблівую ўвагу міністэрства мае намер надаць дэбютным і наступным работ маладых беларускіх рэжысёраў.
Сёлета на вытворчасць фільмаў па сацыяльна-творчых замовах дзяржава выдзеліла Br 6,2 млн. Было знята 16 фільмаў – 7 анімацыйных, 7 дакументальных і 2 гульнявых (серыял і яго кінаверсія).
ДД