Пасля публікацыі на «Белсаце» ўлады ўзяліся за добраўпарадкаванне памятнага месца Элізы Ажэшкі


Дарогу на Мінявічы заасфальтавалі, а вакол крыжа Яна і Цэцыліі робяць каменную агароджу.

Напрыканцы чэрвеня на нашым сайце выйшаў артыкул пра жахлівы стан комплексу Мінявічы-Багатырэвічы, дзе Эліза Ажэшка пісала свой раман «Над Нёмнам». Праехаць туды можна было толькі па пыльнай грунтовай дарозе, далей турыст меўся ісці па ўскрайку поля, пакуль не дойдзе да спарахнелага крыжа з польскімі сцяжкамі ды лампадкамі побач.

Да Нёмну ўніз ішла разбітая драўляная лесвіца, дзе кожны няўважны крок мог забяспечыць іржавы цвік у пятку. Унізе, дарэчы, знаходзіцца геалагічнае агаленне Самастрэльнікі, стану якога быў прысвечаны асобны артыкул «Белсату». Усё гэта выглядала тым больш скрушна, калі ўлічыць 175-годдзе з дня нараджэння пісьменніцы, якое прыпадае сёлета.

Прыехаўшы ў Мінявічы-Багатырэвічы сёння, мы бачым калі не цалкам іншую карціну, дык, прынамсі, пачатак зменаў.

Грунтовая дарога, побач з якой драўляны «Ясь» паказвае напрамак да памятных мясцінаў, ужо пераапранутая ў асфальт. Такім чынам, даехаць да крыжа і рэштак сядзібы Каменскіх, можна не закрываючы вокнаў аўтамабіля.

Да самога крыжа вядзе нядаўна зробленая брукаваная сцежка. Побач – гурбы пяску і дошкі – сведчанні будаўнічых працаў. Разны драўляны манумент пакуль застаецца на сваім месцы, а вось спарахнелы паркан вакол ужо прыбралі і замянілі на сімвалічную каменную агароджу – сціплую і густоўную.

Не засталася без увагі і лесвіца ў яр Самастрэльнікі: драўляныя дэталі, якія пагнілі, прыбраныя, а на іх месцы бачная бетонная сцяжка праз кожны метр. Ад бетонных прамакутнікаў працоўныя яшчэ нават не адасобілі фармавальныя дошкі, такім чынам заліўка праводзілася зусім нядаўна.

Будзем спадзявацца, што гэта – толькі пачатак рэнесансу Багатырэвічаў-Мінявічаў, якія маглі б стаць турыстычнай перлінай не толькі Мастоўшчыны, але і ўсёй Беларусі.

Галерэя здымкаў «Да»

АК belsat.eu

Стужка навінаў