Пасля будаўніцтва ГЭС на Нёмне, помнік прыроды пераўтварыўся ў балота (ФОТАФАКТ)


Геалагічнае агаленне «Самастрэльнікі» каля вёскі Багатырэвічы, што на Мастоўшчыне наўпрост апусцілася пад ваду.

Помнік прыроды знаходзіцца ў яры каля магілы Яна і Цэцыліі, апісанай Элізаю Ажэшка ў сваім рамане «Над Нёмнам». Ад крыжа ў бок Нёмну ідзе спарахнелая драўляная лесвіца, якая зараз фактычна ўпіраецца ў ваду. Сёння яр зарослы кустоўем ды поўны паваленых сухіх дрэваў.

Само агаленне было адкрытае яшчэ ў 1878 годзе, неаднаразова даследавалася і нават трапіла ў манаграфіі па геалогіі нашага рэгіёну. У спісе прыродных помнікаў «Самастрэльнікі» фігуруюць пад нумарам 30. Пра статус аб’екта сведчыць таксама сціплы каменны абеліск, які пры жаданні можна адшукаць у кустах.

Геалагічнае агаленне – гэта выхад на паверхню зямлі горных пародаў. Ён можа з’явіцца ў выніку вымывання або эрозіі глебы і дае шырокія магчымасці для даследчыкаў – старажытныя пароды яны могуць вывучаць у непашкоджаным выглядзе.

У выпадку «Самастрэльнікаў» прычынай агалення стаў ручай, які некалі ўпадаў у Нёман ды ўтварыў яр. Тут быў знойдзены міжледавіковы тарфянік, які ўтварыўся прыблізна 115 тысяч год таму. На ім даследчыкі выявілі 101 від старажытнай флоры, якая існавала ў рэгіёне ў той перыяд.

Так агаленне выглядала за часамі БССР (2)
Так агаленне выглядала ў часы БССР

Як сцвярджае эколаг Ігар Лапеха, у праекце будаўніцтва ГЭС была прадугледжаная дамба, якая б ратавала ад затаплення лугі ў раёне Багатырэвічаў, але так і не была збудаваная. Згодна Лапеху, дамба магла б перадухіліць і затапленне «Самастрэльнікаў», калі б узровень вады наўпрост быў ніжэйшым.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары