Пасля брутальнага затрымання журналістаў у Лоеве міліцыянты даслалі ім 6 пратаколаў


Лоеўскія міліцыянты даслалі журналістам-фрылансерам цэлых шэсць пратаколаў на дваіх.

Чатыры з іх атрымаў поштай Кастусь Жукоўскі, яшчэ два – Аляксей Атрошчанка.

Два пратаколы на Жукоўскага складзеныя нібыта за абразу мясцовых чыноўнікаў: кіраўніцы справаў Лоеўскага райвыканкаму Ірыны Пастуховай, намесніцы старшыні райвыканкаму па ідэалогіі Наталлі Кауравай, а таксама першага намесніка начальніка РАУС Генадзя Маджары.

Відэасюжэт «Белсату» пра тое, што адбылося ў Лоеве

Трэці пратакол на Жукоўскага – нібыта за непадпарадкаванне Маджару, чацвёрты – за дробнае хуліганства.

Атрошчанку таксама вінавацяць у абразах і непадпарадкаванні.

Збілі, а цяпер даслалі пратаколы?

Інцыдэнт у Лоеве адбыўся 21 чэрвеня. Тады Аляксея Атрошчанку затрымалі падчас здымак і павезлі ў РАУС. З ім працаваў Кастусь Жукоўскі, які таксама паехаў у РАУС.

Там і адбыўся канфлікт з міліцыяй.

Кастусь Жукоўскі кажа, што намеснік Лоеўскага РАУС Генадзь Маджара разам з нейкім чалавекам у цывільным пачалі ўжываць супраць яго сілу: сталі душыць і прыціскаць галаву нагой да долу.

Пасля Кастусь Жукоўскі напісаў заяву ў Следчы камітэт па факце збіцця і зняў пабоі. Цяпер чакае вынікі праверкі.

Каментуючы інцыдэнт, міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч паабяцаў разабрацца, ці парушалі лоеўскія міліцыянты закон падчас затрымання.

НМ, belsat.eu, паводле ГА «БАЖ»

Стужка навінаў