Пасля 10 гадоў у Беларусі на радзіму вяртаецца беларускамоўны немец


«Трэба быць трошкі авантурыстам, каб прыехаць у Беларусь», – адкрыўся Андрэ Бём напярэдадні ад’езду ў Нямеччыну.

Ужо праз два месяцы Андрэ Бём, выкладчык нямецкай мовы і літаратуры ў Нямецкай службе акадэмічных абменаў (DAAD) у Гарадзенскім універсітэце імя Янкі Купалы і перакладчык беларускай літаратуры на нямецкую мову, ад’язджае ў Нямеччыну. Будзе працаваць пры ўніверсітэце, дзе ён некалі вучыўся – у горадзе Бохуме, падае радыё «Свабода».

«Я вяртаюся на сваю радзіму, – сказаў ён. – Буду там рабіць праект, завязаны не з Беларуссю, а з Усходняй Еўропай».

Пры гэтым Бём не збіраецца перарываць сувязі з Беларуссю. Наадварот, у ягоных планах – вярнуцца да перакладаў беларускай літаратуры на нямецкую мову.

«Я буду вяртацца сюды, інтэнсіўна займацца беларускай літаратурай і перакладаць. Я даўно нічога не перакладаў і хачу ўзяцца за гэта. Мне вельмі падабаюцца творы Сяргея Календы і Наталкі Бабінай».

У Горадні за больш сочаць, чым у Менску

Бём пражыў у Беларусі 10 год. З 2005 па 2010 гады ён працаваў выкладчыкам DAAD у БДУ, а з 2011 году займаў такую самую пасаду ў Гарадзенскім універсітэце імя Янкі Купалы.

«У Горадні было спакайней, – сказаў Бём. – Нельга сказаць, што ў Менску жыццё для мяне было больш цікавым, чым у Горадні».

Праўда, у Горадні, кажа Андрэ, больш сочаць за тым, чым займаюцца супрацоўнікі ўніверсітэту.

«У Гарадні сачылі за тым, што я раблю. У Менску я быў адным у вялікай масе людзей, а ў Горадні – адзін немец, які там пастаянна жыве».

Без мора і гор турыстаў складана зацягнуць у Беларусь

Па словах Бёма, за доўгі час жыцця ў Беларусі ён аб’ехаў амаль усю краіну. Сярод любімых гарадоў, апрача Горадні, дзе ён цяпер жыве, называе Полацк, Гомель і Мазыр. А любімыя мясціны для актыўнага адпачынку – Браслаўскія азёры.

Пры гэтым ён сумняецца, што Беларусь можа прывабіць шмат заходнееўрапейскіх турыстаў.

«Трэба быць трошкі авантурыстам, каб прыехаць у Беларусь. Без уласнага аўтамабіля тут вельмі цяжка кудысьці даехаць».

Некалі ў сваім блогу Бём параўноўваў Беларусь і паўночную Нямеччыну. Абодва рэгіёны, як лічыць ён, вельмі падобныя геаграфічна. А гэта не спрыяе таму, каб нямецкія турысты ехалі ў Беларусь.

«Я думаю, немцаў цяжка сюды запрасіць ня толькі таму, што яны ня ведаюць, што такое Беларусь. Цяжка таму, што нямецкі і беларускі ландшафт практычна не адрозніваюцца. Больш за тое, тут няма гор і мора. Палі і лясы – гэта вельмі падобна. Зацікавіць турыстаў можна хіба толькі азёрамі і вандроўкамі па прыродзе».

Самім жа беларусам, многія з якіх часцей вандруюць за мяжой, чым па сваёй краіне, Бём вельмі рэкамендуе наведаць прынамсі ўсе абласныя цэнтры.

«Беларусы вельмі любяць вандроўкі, але аддаюць перавагу падарожжам у Нямеччыну ці ў Францыю, тым больш што гэта вельмі блізка».

Беларускамоўных стала менш, але яны больш свядомыя

Першы раз у Беларусі Андрэ Бём пабываў яшчэ ў 1996–1997 гадах як турыст. На ягоную думку, за гэты час краіна моцна змянілася, але толькі павярхоўна.

«У Менску, у Горадні ідзе будоўля. Гарады растуць, а вёскі, на жаль, знікаюць. Вельмі шмат розных кавярняў і рэстаранаў. І цяпер, як мне падаецца, больш даступныя цэны, чым раней».

Змянілася, як ён лічыць, і моўная сітуацыя. Пры тым, што беларускамоўных людзей становіцца менш, усё больш людзей размаўляюць на беларускай мове свядома.

«Вырасла маладое пакаленне, якое ўжо свядома і спецыяльна ўжывае беларускую мову і ганарыцца гэтым. Такой моладзі раней было менш, чым цяпер».

Андрэ Бём вядомы шырокаму колу беларусаў найперш як перакладчык. Дзякуючы яму па-нямецку загучалі творы Алеся Разанава, Змітра Вішнёва, Альгерда Бахарэвіча, Віктара Жыбуля, Андрэя Хадановіча, Ігара Бабкова. Бём ажаніўся з беларускай, мае дачушку.

Паводле svaboda.org

Глядзі таксама
Каментары