Пашыньян: «Народ перамог, і гэтая перамога павінна быць прызнаная адназначна, без умоваў»


Дэпутат парламенту, лідар пратэстаў у Арменіі Нікол Пашыньян правеў «пераможны мітынг» у Ерэване.

«З гэтага часу ў Арменіі новая ўлада», – сказаў ён з трыбуны.

Падчас мітынгу Пашыньян распавёў пра акалічнасці свайго затрымання. Затрыманне праводзілі супрацоўнікі Службы нацыянальнай бяспекі Арменіі. Па словах Пашыньяна, ён намагаўся з імі жартаваць, спрабаваў растлумачыць, што ўладзе Сэржа Саргсьяна прыйшоў канец, але спецслужбоўцы ніяк на гэта не рэагавалі, не верылі, што такое можа адбыцца. Разуменне таго, што рэвалюцыя ўсё ж такі адбылася, прыйшло да Пашыньяна тады, калі ў ізалятар да яго пачалі прыходзіць высокапастаўленыя службовыя асобы.

«Раніцай мне прапаноўвалі пагадзіцца на тое, каб Саргсьян падаў у адстаўку ў кастрычніку. Праз дзве гадзіны прапаноўвалі, каб ён падаў у адстаўку праз месяц, потым 25 красавіка. Я выслухаў усе прапановы і агучыў сваё патрабаванне – Сэрж Саргсьян павінен падаць у адстаўку цягам двух гадзінаў, так і адбылося», – распавёў Пашыньян.

Сёння павінны адбыцца перамовы апазіцыі з выконваючым абавязкі прэм’ера Карэнам Карапэтʼянам аб перадачы ўлады.

«Калі Сэрж Саргсьян і РПА (Рэспубліканская партыя Арменіі – belsat.eu) спадзяюцца на тое, што створыцца сітуацыя, пры якой яны працягнуць ценявое кіраванне, то я заклікаю іх хутчэй забыцца пра гэта», – зазначыў Нікол Пашыньян.

Нагадаем, што ўчора пасля хвалі пратэстаў па ўсёй краіне прэмʼер-міністр Арменіі Сэрж Саргсьян падаў у адстаўку. Людзі не хацелі бачыць яго на пасту прэм’ер-міністра, пасля 10 гадоў прэзідэнцтва.

Пасля завяршэння прэзідэнцкага тэрміну былога кіраўніка краіны ўступіў у сілу новы тэкст Канстытуцыі Арменіі, згодна з якім рэспубліка становіцца парламенцкай і ўлада будзе засяроджаная ў руках урада, а не прэзідэнта. Кіроўная кааліцыя высунула на пост прэмʼер-міністра Сэржа Саргсьяна, які з 2008 да 2018 года займаў пасаду прэзідэнта. Гэтае рашэнне сталася прычынаю пратэстаў. 17 красавіка Саргсьян быў абраны на пост прэмʼер-міністра, але прабыў на гэтым пасту толькі 6 дзён.

Чытайце таксама:

ГА, belsat.eu паводле news.am. Фота: REUTERS / Hayk Baghdasaryan / Photolure / FORUM

Стужка навінаў