«Пашпарт – не цацка». Саакашвілі не баіцца дэпартацыі з Украіны


Саакашвілі прыбывае на прэсавую канферэнцыю ў Варшаве. 8 верасня 2017 года. Фота – Kacper Pempel/Reuters

Міхэіл Саакашвілі збіраецца паехаць ува Украіну, нягледзячы на пагрозы дэпартацыі ў Грузію.

Пра гэта былы прэзідэнт паведаміў падчас брыфінгу ў Варшаве. Палітык яшчэ раз падкрэсліў, што яго ўкраінскі пашпарт быў адабраны незаконна, а як украінскі палітык і ўдзельнік абодвух Майданаў ён мае абавязак вярнуцца ва Украіну і змагацца з бяспраўем.

Гэта мой пашпарт, і я ім ганаруся, – сказаў Саакашвілі. – Пашпарт – не цацка: пан даў, пан забраў. Гэта мой абавязак у стасунку да ўкраінскага народа.

Падтрымку Саакашвілі ўжо выразіла вялікая частка ўкраінскіх палітыкаў. Група дэпутатаў Вярхоўнае Рады прыедзе 10 верасня на памежны пункт «Кракавец»,каб сустрэць былога кіраўніка Адэскай вобласці.

Да прыбыцця Саакашвілі падрыхтаваліся і ўкраінскія памежнікі: на згаданым прапускным пункце з’явілася агароджа з калючага дроту, а памежная служба афіцыйна рэкамендавала грамадзянам Украіны ў бліжэйшыя дні абіраць іншую дарогу для падарожжаў у Польшчу.

ДД

Глядзі таксама
Каментары