Партыя Цыпраса чарговы раз перамагла на выбарах у Грэцы


На выбарах у парламент Грэцыі прадстаўнікі левай партыі «Сірызы» набралі крыху больш за 35 % галасоў.

Лідар партыі Алексіс Цыпрас заявіў, што «Сірыза атрымала» «выразны мандат» пасля другой запар перамогі на выбарах – другіх за апошнія 9 месяцаў і пятых за апошнія 6 гадоў.

Пасля амаль поўнага падліку галасоў «Сірыза» атрымоўвае 145 з 300 месцаў у парламенце.

Алексіс Цыпрас мае намер сфармаваць урад у кааліцыі з нацыяналістычнай партыяй «Незалежныя грэкі», якія атрымоўваюць 10 парламенцкіх месцаў.

«Разам мы працягнем барацьбу, якую распачалі сем месяцаў таму», – заявіў Цыпрас.

Палітыка новага ўраду ўжо вызначаная ўмовамі пагаднення Грэцыі з крэдыторамі ў межах трэцяга пакету экстранай фінансавай дапамогі. Гэтыя ўмовы прадугледжвалі меры жорсткай эканоміі, супраць якіх першапачаткова выступалі «Сірыза». Пераможца выбараў будзе вымушаны праводзіць суворыя эканамічныя рэформы, каб выцягнуць Грэцыю з глыбокага фінансавага крызісу.

Кансерватары з «Новай дэмакратыі» набралі 28 % галасоў. Ультраправая партыя «Залаты світанак» атрымала 7 % галасоў (у студзені мелі 6,3 %).

Яўка на выбарах склала крыху больш за 55 %.

НМ, belsat.eu, паводле bbc

Стужка навінаў