Партыя БНФ разглядае выхад з выбарчай кампаніі Таццяны Караткевіч


Пытанне аб выхадзе з кампаніі Таццяны Караткевіч абмяркоўваецца на паседжанні сойму партыі Беларускага народнага фронту, які праходзіць у Менску.

Пра гэта інфармуе радыё «Свабода».

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч гэтак абгрунтаваў сваю прапанову.

«Таццяна Караткевіч падчас выбарчай кампаніі зрабіла шмат неакрэсленых і невыразных заяваў па шэрагу пытанняў, якія з’яўляюцца базавымі для прыхільнікаў БНФ. Гэта статус беларускай мовы, дзяржаўная і нацыянальная сімволіка, геапалітычнае становішча Беларусі. Складаецца ўражанне, што Тацяна Караткевіч як кандыдатка ў прэзідэнты хоча быць добрай для ўсіх і таму ў яе няма акрэсленай і выразнай пазіцыі. Удзел нашай партыі ў гэтай кампаніі падарве рэпутацыю партыі БНФ як нацыянальна арыентаванай партыі».

Прапанову Аляксея Янукевіча пачалі абмяркоўваць сябры сойму.

Раней лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што ягонай палітычнай сіле не вельмі цікавая ініцыятыва былога палітвязня Мікалая Статкевіча з мэтай дэлегітымізацыі цяперашніх прэзідэнцкіх выбараў і правядзенні новых.

МЯ, паводле svaboda.org

Стужка навінаў