Партыя БНФ патрабуе ад Генпракуратуры прызнаць «Начных ваўкоў» экстрэмісцкай арганізацыяй


Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч 3 траўня накіраваў у Генеральную пракуратуру заяву з патрабаваннем прызнаць расейскі байкерскі клуб «Начныя ваўкі» экстрэмісцкай арганізацыяй.

Падставай для заявы, паведамляе прэс-служба партыі, сталі нядаўнія выказванні лідара маскоўскіх «Начных ваўкоў» Аляксандра Залдастанава, які 30 красавіка знаходзіўся ў Беларусі. Ён заявіў, што «Беларусь – гэта Расея».

Глядзіце яшчэ >>> «Валі адсюль!» Прапуцінскі байкер штурхае журналіста «Белсату»

Янукевіч просіць генеральнага пракурора ў мэтах выканання Закону «Аб процідзеянні экстрэмізму» звярнуцца ў Вярхоўны суд з заявай аб прызнанні «Начных ваўкоў» экстрэмісцкай арганізацыяй і забараніць іх дзейнасць на тэрыторыі Беларусі.

«Нахабная заява Залдастанава відавочна скіраваная на непрызнанне Рэспублікі Беларусь як незалежнай дзяржавы і мае на мэце падрыў тэрытарыяльнай цэласнасці нашай дзяржавы, – лічыць Янукевіч. – Мы звяртаем увагу пракуратуры не толькі на сам змест заявы, але і на тое, што яна была зроблена кіраўніком арганізацыі, якая актыўна і дзейсна падтрымлівала сепаратызм ва Украіне, а цяпер стварыла некалькі аддзяленняў у Беларусі (ёсць як зарэгістраваныя арганізацыі, так і незарэгістраваныя філіялы)».

Глядзіце яшчэ >>> Нястрыманыя «ваўкі» ў Берасці

Янукевіч таксама падкрэсліў, што заявы Залдастанава «могуць быць сведчаннем стварэння ідэалагічнага падмурку для падрыхтоўкі гібрыднай вайны супраць Беларусі».

Матацыклісты клубу «Начныя ваўкі» здзяйсняюць мотапрабег «Дарогі Перамогі – на Берлін». У мінулыя выходныя некалькі з іх не змаглі пераехаць беларуска-польскую мяжу. Як заявіў на брыфінгу прэс-сакратар аддзялення памежнай аховы ў Тэрэспалі (Польшча) Дарыюш Сяніцкі, было адмоўлена ва ўездзе сямі матацыклістам. «Прычына адмовы – пагроза для грамадскага парадку і бяспекі дзяржавы», – паведаміў прэс-сакратар. Аднак частка ўдзельнікаў мотапрабегу трапіла ў Еўропу, нягледзячы на забарону Польшчы. Пра гэта паведаміў 2 траўня кіраўнік прабегу Андрэй Баброўскі.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў