Партыя БНФ ідзе на выбары па-за кааліцыямі


«Гэтая выбарчая кампанія не зʼяўляецца тым выпадкам, калі можа быць агульная карысць ад фармавання нейкіх тактычных кароткатэрміновых кааліцый», – заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

«Калі на кожнай з акругаў будзе некалькі дэмакратычных кандыдатаў, кожны здолее змабілізаваць свой электарат, агульная колькасць людзей, што падтрымліваюць перамены, будзе большай, яна будзе ўзрастаць». – дадаў палітык.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання адбудуцца 11 верасня. Партыя БНФ ідзе на выбары з платформаю «Для беларусаў» ды з уласным спісам кандыдатаў.

Аргументы аб тым, што сітуацыя, калі апазіцыйныя кандыдаты будуць адбіраць адзін у аднаго галасы, калі будуць канкураваць, Янукевіч называе «недарэчнымі». «Казаць пра галасы, электаральную перамогу можна толькі ў выпадку сумленнага падліку галасоў. На жаль у нас няма падставаў меркаваць, што сёлета падлік галасоў будзе сумленны», – заявіў Янукевіч.

Лідар Партыі БНФ лічыць, што не варта з розных апазіцыйных арганізацыяў «ляпіць штучныя абʼяднанні, якія потым развальваюцца». «Гэта толькі яшчэ больш расчароўвае беларускае грамадства. Мы лічым, што з людзьмі трэба быць шчырымі, не даваць абяцанняў, якія цяжка або немагчыма выканаць, – дадаў Аляксей Янукевіч. – Міфы пра тое, што апазіцыя расколатая, таксама перабольшаныя. Калі мы не сфармавалі адзіны спіс, гэта не азначае, што мы разʼяднаныя і паміж сабою змагаемся».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў