Партыя БНФ і «Беларусь 4» паспрачаліся ў судзе з-за шкла, кіслотаў і мастацтва


У Горадні прайшло папярэдняе судовае паседжанне ў справе фільму «Маршам у нікуды» – абласны кіраўнік Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў лічыць, што гэтая стужка абражае ягоны гонар і годнасць.

«Рэпетыцыя асноўнага судовага паседжання», як назвала падзею суддзя Ксенія Стасюкевіч, прайшла ў гарадзенскім судзе Ленінскага раёну. Пазоў у суд быў папярэдне накіраваны Вадзімам Саранчуковым. Ён патрабуе абвяржэння фактаў, агучаных у фільме «Маршам у нікуды», знятым гарадзенскай філіяй каналу «Беларусь 4», а таксама выдалення стужкі з ютуба.

Дзяржаўнае тэлебачанне прадстаўляў Барыс Кунцэвіч, юрыст каналу. Нягледзячы на хадайніцтва Кунцэвіча, працэс вёўся цалкам па-беларуску. Суддзя Стасюкевіч прадэманстравала неблагое веданне мовы, а сам Кунцэвіч ад перакладчыка на расейскую адмовіўся.

На судовым пасяджэнні. Городня 6 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

«Магу працаваць хоць у зале суда або на беразе Нёмна»

Агулам у фільме ідзе расповед пра шасцёх гарадзенскіх апазіцыянераў, прадстаўленых у якасці «агрэсіўных беспрацоўных», якія спрабуюць «разгойдваць човен».

У фільме сцвярджаецца, што Саранчукоў нібыта нідзе не працуе ўжо 10 год, статус рамесніка аформіў толькі пасля ўвядзення «дэкрэту аб дармаедах», ягоную рамесніцкую прадукцыю і майстэрню, маўляў, ніхто ніколі не бачыў, а жонку Саранчукоў, нібыта, наогул узяў «па разліку». Усё гэта Саранчукоў палічыў абразай свайго гонару і годнасці, а таксама інфармацыяй, якая шкодзіць ягонай прафесійнай рэпутацыі.

«Палова залы бачыла маю прадукцыю, – сцвярджаў актывіст на судзе, – яна ёсць у крамах, пра гэта ёсць адпаведныя паперы. Рамеснікам я афіцыйна зарэгістраваны, раней працаваў індывідуальным прадпрымальнікам: ад 1998 да 2015 году. Ніякай майстэрні я мець не абавязаны, бо рабіць сваю працу – наносіць малюнкі на шкло – магу хоць дома, хоць у зале суда, хоць на беразе Нёмна…».

Мастацкая крытыка, кіслоты і падручнік 1986 году

Барыс Кунцэвіч-прадстаўнік тэлерадыёкампаніі “Гродна”. Городня 6 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

У адказ прадстаўнік тэлеканалу спаслаўся на ксераксы з падручніка па вырабе шкла 1986 году выпуску, у якім ідзецца пра неабходнасць майстэрні для кожнага шклароба, які працуе з кіслотамі. Агульны прапагандысцкі кантэкст фільму Кунцэвіч назваў: «мастацкай крытыкай, якая прадугледжвае любы стыль і форму». Аўтара фільму, людзей, якія яго стваралі, а таксама крыніцы інфармацыі прадстаўнік каналу называць адмовіўся.

Калі размова перайшла да жонкі і «шлюбу па разліку», да чаго падводзіць аўтар фільму, Саранчукоў быў даволі рэзкі: «Каму якая справа скуль я ўзяў сваю жонку? Мне яе што, пад плотам было шукаць?». У гэтым пытанні юрыст каналу наогул устрымаўся ад каментароў.

«Выніковае паседжанне суда мае быць цікавым…»

Юрыст і сябар сойму Партыі БНФ Юры Чавусаў, які выступаў на судзе, назваў пазіцыю прадстаўніка каналу незайздроснай, а сам фільм – прапагандысцкім.

На судовым пасяджэнні. Городня 6 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

«Прадстаўнікі каналу прызналі, што распаўсюдзілі прадукт СМІ, але аўтараў прывесці засаромеліся, – разважае Чавусаў, – Кунцэвіч нават паспрабаваў перавесці размову ў творчую спрэчку пра шкло і мастацтва. Фільм, пры гэтым, адназначна прапагандысцкі. Лічу, што выніковае паседжанне суда мае быць цікавым».

Наступнае паседжанне, якое мае паставіць у справе кропку, мае адбыцца ў будынку суда Ленінскага раёну Горадні 14 ліпеня а 10.40.

 

АК, belsat.eu

Стужка навінаў