Партыя БНФ адмовілася падтрымаць на прэзідэнцкіх выбарах Таццяну Караткевіч


Партыя БНФ адмовілася ад далейшага падтрымання на прэзідэнцкіх выбарах актывісткі кампаніі «Гавары праўду» Таццяны Караткевіч. Такое рашэнне прыняў 29 жніўня сойм партыі.

За адмову ад падтрымання Караткевіч на сёлетніх выбарах прагаласавалі 18 чальцоў сойму, супраць – 11, двое ўстрымаліся, падае БелаПАН.

Прапанову адмовіцца ад падтрымання Караткевіч выказаў на пасяджэнні сойму старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. «На сёння іншага шанцу захаваць нашу рэпутацыя няма», – падкрэсліў ён перад галасаваннем.

Партыя БНФ раней прымала рашэнне аб падтрымцы Караткевіч на выбарах як прадстаўніка кааліцыі «Народны рэферэндум».

Лідар Партыі БНФ адзначыў, што ўдзел у выбарчай кампаніі Караткевіч на этапе збору подпісаў мае як пазітыўныя, так і адмоўныя вынікі. Пазітыўныя, паводле яго слоў, звязаныя «з працай з людзьмі, пашырэнне пазітыўнага іміджу партыі: так, было выстаўлена 15 пікетаў у 11 гарадах, у тым ліку пяць – у Менску».

Але, на жаль, працягнуў Янукевіч, падчас выбарчай кампаніі паднялася «хваля ўзаемных абвінавачанняў, якая стварыла адмоўны фон для ўсіх дэмакратычных арганізацыяў».

Акрамя таго, адзначыў дзеяч, для Партыі БНФ ёсць і свой адмоўны вопыт удзелу ў кампаніі. Паводле яго слоў, «каштоўнасная арыентацыя партыі ставіцца пад пагрозу сярод прыхільнікаў арганізацыі». Гэтая пагроза, паводле слоў Янукевіча, была выкліканая «двухсэнсоўнымі» выказваннямі Караткевіч адносна геапалітычнай арыентацыі краіны, беларускай мовы і сімвалаў.

«Па вялікім кошце, самі заявы Караткевіч не самыя горшыя сярод прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. Але справа ў тым, што Караткевіч – гэта не адзіны кандыдат ад апазіцыі, які меў бы абавязкі перад рознымі партыямі. Мы адзіныя падтрымалі Караткевіч як партыя, а таму адказныя за ўсе яе выказванні», – сказаў Янукевіч.

Ён таксама адзначыў, што не аднойчы ўказваў Караткевіч і кіраўніку яе штаба Андрэю Дзмітрыеву на «невыразнасць» іх пазіцый па важных пытаннях. «Думаю, у іх спецыяльна была абраная лінія на любую важную для грамадства праблему выказвацца максімальна абцякальна, каб нікога не пакрыўдзіць», – лічыць палітык.

Ён падкрэсліў, што з часам усё больш відавочнай будзе неадпаведнасць пазіцыі Караткевіч каштоўнасным пазіцыям Партыі БНФ. «Яе падтрыманне будзе ўсё больш разбуральнай для рэпутацыі нашай арганізацыі», – мяркуе ён.

Пры гэтым Янукевіч адзначыў, што нічога кепскага ў наяўнасці на выбарах такога кандыдата, як Караткевіч, няма. «Але наша базавая група – нацыянальна арыентаваныя людзі. Шмат з іх лічаць, што цяпер Партыі БНФ іх не прадстаўляе, у тым ліку і з-за таго, што мы падтрымліваем на выбарах Караткевіч», – сказаў ён.

Раней лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што ягонай палітычнай сіле не вельмі цікавая ініцыятыва былога палітвязня Мікалая Статкевіча з мэтай дэлегітымізацыі цяперашніх прэзідэнцкіх выбараў і правядзенні новых.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў