Партыйцы будуць асобна назіраць за выбарамі-2015


Некалькі апазіцыйных структураў дамовіліся пра супольную кампанію назірання за прэзідэнцкімі выбарамі.

Ініцыятыва «Права выбару» назірала за галасаваннем на мясцовых выбарах у 2014 годзе. Летась было адразу чатыры незалежныя кампаніі па назіранні: «Праваабаронцы за свабодныя выбары», «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка», «За справядлівыя выбары» ды ўласна новаўтвораная кампанія «Права выбару».

Пагадненне аб супольным назіранні падпісалі Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычныя партыя (Грамада), БХД, «Гавары праўду», і Рух “За свабоду”. Летась гэтая ж ініцыятыва выставіла каля 800 назіральнікаў на 354 участках, гэта бадай што самая шырокая кампанія назірання ў Беларусі ў 2014 годзе.

Аднак да сённяшняга дня «Права выбару» выглядала як часовы праект: апошнія запісы ў сацыяльных сетках ад кампаніі з’яўляліся ўлетку, а сайт кампаніі не працуе.

«Цяпер ідзе працэс фармавання структураў кампаніі і тэхнічнага складу, у бліжэйшы час запланаваны аб’езд кіраўнікамі кампаніі рэгіёнаў з мэтай стварэння рэгіянальных аддзелаў ва ўсіх абласцях», – паведамляюць ініцыятары кампаніі. Назіральнікі ад палітычных структураў абяцаюць, што ў 2015 годзе «Права выбару» будзе падаваць інфармацыю аб хадзе кампаніі штабам усіх дэмакратычных кандыдатаў і не стане падтрымліваць кагосьці асобна з іх.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў