Партыі БНФ адмовілі ў арэндзе памяшкання для з’езду ў 20 месцах


Апазіцыйная партыя атрымлівае масавыя адмовы ў арэндзе памяшкання для правядзення чарговага XVI-га з’езду арганізацыі, які прызначаны на 13 верасня.

Як паведамляе прэс-служба партыі, у арэндзе з розных прычынаў адмовілі ўжо каля 20 палацаў культуры і канферэнц-залаў у Менску. Адмовіўся даць памяшканне і Палац культуры Менскага трактарнага заводу, дзе ў апошнія гады праходзілі некалькі партыйных з’ездаў.

9 верасня Партыя БНФ атрымала адмову ў арэндзе памяшкання ў Рэспубліканскім палацы культуры імя Шарко ў Менску, хоць партыя на патрабаванне адміністрацыі падала паперы з Менгарвыканкаму аб адсутнасці пярэчанняў з нагоды правядзення мерапрыемства.

У Партыі БНФ адзначаюць, што правядзенне з’езду знаходзіцца пад пагрозай зрыву. Управа партыі тэрмінова шукае альтэрнатыўную пляцоўку для правядзення мерапрыемства, для ўдзелу ў якім вылучана каля 200 дэлегатаў.

«Ніколі пры падрыхтоўцы з’ездаў Партыі БНФ мы не сутыкаліся з такімі масавымі адмовамі ў арэндзе памяшкання, – адзначыў лідар партыі Аляксей Янукевіч. – Не выключаю, што гэтыя перашкоды ствараюцца таму, што на пасяджэнні плануецца вызначыць пазіцыі партыі адносна будучых прэзідэнцкіх выбараў».

МЯ, belsat.eu, паводле narodny.org

Глядзі таксама
Каментары