Партнёрства, у якім бог не роўна дзеліць.


Расея падзяляе заклапочанасць Беларусі з нагоды пашырэння NATO на ўсход, заявіў журналістам 16 мая ў Менску міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў пасля перамоў з беларускім калегам Уладзімірам Макеем і прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам.

«Мы падзяляем заклапочанасць у сувязі з тым, што нашы калегі з краін NATO спрабуюць нагнятаць канфрантацыю, перасоўваючы наперад інфраструктуру на ўсход, блізка да нашых межаў. Вы ведаеце, як гэтыя пытанні абмяркоўваюцца, наколькі спрабуюць нагнятаць эмоцыі. І Расея, і Беларусь не прыхільнікі падобнай канфрантацыйнай лініі – мы выступаем за тое, каб у Еўропе абмяркоўваліся і выконваліся прынцыпы роўнай бяспекі для ўсіх», – сказаў Лаўроў.

У сваю чаргу кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей, кажучы пра бяспеку ў Еўропе, заявіў: «Цяпер нашы заходнія партнёры вядуць гаворку пра нейкія дадатковыя размяшчэнні воінскіх кантынгентаў у шэрагу краін, якія зʼяўляюцца нашымі суседзямі. Мы гэта разглядаем як патэнцыйны выклік у рамках нашай Саюзнай дзяржавы».

Як зазначыў Макей, Беларусь і Расея адкрыта кажуць сваім еўрапейскім партнёрам «пра непрымальнасць размяшчэння дадатковых воінскіх кантынгентаў». Цяперашняя сітуацыя ля ўсходніх рубяжоў NATO не спрыяе забеспячэнню большай бяспекі на Еўрапейскім кантыненце.

«Мы дамовіліся прапрацоўваць уласныя адэкватныя меры рэагавання», – удакладніў кіраўнік МЗС Беларусі.

ДР, belsat.eu паводле БелаПАН

Стужка навінаў