«Парламенцкіх слуханняў аб дзедаўшчыне не будзе». Нацыянальны сход адказаў Лябедзьку


Што прызыўнікі кажуць пра дзедаўшчыну

Нацыянальны сход Палаты прадстаўнікоў адказаў Анатолю Лябедзьку на ягоны ліст, у якім ён прасіў правесці слуханні па праблеме нестатутных узаемаадносінаў у войску.

У адказе, падпісаным старшынём Сталай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Валянцінам Міхневічам, гаворыцца, што ўзаемаадносіны паміж вайскоўцамі вызначаюцца статутамі Узброеных сілаў.

«У выпадку выяўлення правапарушэння прававая адзнака дзеянняў (бяздзеяння) датычных асобаў, выяўленне прычынаў і ўмоваў, што садзейнічалі іх здзяйсненню, у адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам Беларусі ўскладзеныя на органы, якія вядуць крымінальны працэс, і не патрабуюць дадатковага абмеркавання і ўмяшальніцтва іншых органаў», – так у лісце тлумачыцца, чаму слуханні не будуць праводзіць.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька ў «Фэйсбуку» напісаў, што не здзіўлены такім адказам, для яго інтрыга была ў матывіроўцы і тлумачэнні:

«Складана сказаць, чаго тут больш – уласнага бяссілля, бездапаможнасці або прымітыўнай прыроднай абмежаванасці. У выніку, мы зноў упіраемся ў праблему адсутнасці выбару ў грамадзяніна і выбаршчыка, у сістэму прызначэння, а не абрання дэпутатаў. Гэта не адказ парламенцкай камісіі, гэта – адпіска ваенна-ідэалагічнага аддзелу адміністрацыі Чырвонага дому. Краіна вось ужо больш за месяц актыўна абмяркоўвае трагедыю ў Печах. У сацыяльных сетках пасты на гэтую тэму збіраюць больш за мільён праглядаў, а членам камісіі ўсё да аднаго месца, з якога расце абыякавасць».

Анатоль Лябедзька мяркуе, што калі і далей маўчаць, то праз 2-3 гады большасць «дэпутатаў-няздараў» зноў апынуцца ў Авальнай залі, у той час як у казарме будуць «гінуць чыесьці сыны».

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў