Парэшткі Магдалены Радзівіл могуць перавезці ў Беларусь


Гэткае пажаданне агучыў нашчадак роду Радзівілаў, князь Мацей Радзівіл, які наведаў Менск.

Грамадскі дзеяч і нашчадак шляхецкага роду Мацей Радзівіл падчас візіту ў беларускую сталіцу заявіў, што парэшткі Магдалены Радзівіл, жонкі Мікалая Радзівіла, могуць перавезці ў Беларусь.

«Ёсць рэальны план, каб прывезці Магдалену Радзівіл сюды. Мне падаецца, яна марыла, каб тут жыць і тут паміраць, каб пасля смерці застацца тут», – сказаў Мацей Радзівіл.

Асветніца і мецэнатка была пахаваная ў Швейцарыі – там, у манастыры сясцёр-дамініканак, яна правяла апошнія гады жыцця. Перад гэтым ва ўцёках ад савецкіх уладаў Магдалена Радзівіл жыла ў Польшчы, Літве і Нямеччыне.

Яна спрабавала вярнуцца ў Беларусь, ды заяўляла, што лічыць сябе беларускай, аднак савецкія ўлады былі да гэтых пачуццяў глухія, хоць для Беларусі Магдалена Радзівіл зрабіла нямала.

«Яе вяртанне сюды вельмі сімвалічнае, таму што, калі б не Магдалена, сучасная беларуская культура была б зусім іншай. Яна фінансавала «Нашу Ніву», першыя кніжкі Коласа, Багдановіча, Буйло, стыпендыі для беларускіх студэнтаў. Зразумела, што і так бы таленты выраслі, але дзякуючы Магдалене яны выраслі вельмі актыўна», – лічыць журналіст Глеб Лабадзенка.

На шляху парэштак Магдалены Радзівіл у Беларусь і цяпер могуць стаць перашкоды. Мацей Радзівіл не хоча справакаваць вяртаннем палітычных канфліктаў. У гэтай справе ён збіраецца параіцца з абазнанымі людзьмі.

«Яна марыла і думала аб незалежнай і дэмакратычнай Беларусі, але яна не была палітыкам, яна лічыла сябе беларускай», – кажа Мацей Радзівіл.

Вяртанне парэштак шляхцянкі можа быць сімвалічнае яшчэ і праз асаблівую дату: заўтра – 155-тыя ўгодкі яе нараджэння.

Глядзіце відэаверсію матэрыялу ў выданні праграмы «Культура»

[/vc_column_text][vc_video link=”https://youtu.be/o0p4RVeH1aU?t=1m49s”][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў