ПАРЕ заклікае Менск не выдаваць ліцэнзію БелАЭС


Фота «РИА Новости»

Парламенцкая асамблея Рады Еўропы (ПАРЕ) заклікала рэгулятара атамнай энергетыкі Беларусі не выдаваць ліцэнзію Беларускай АЭС – пакуль не будуць рэалізаваныя рэкамендацыі стрэс-тэстаў і не будзе ўзмоцненая сейсмічнай устойлівасць станцыі.

ПАРЕ падтрымала рэзалюцыю з адпаведным заклікам, прагаласаваўшы за яе на сённяшнім паседжанні ў Страсбургу.

«Прынятая (рэзалюцыя) з нашымі прапановамі ў арыгінальным тэксце з моцнай заявай пра тое, што пакуль не выкананыя міжнародныя патрабаванні, нельга выдаваць ліцэнзію. Гэта для нас важней за ўсё», – заявіў у каментары «BNS» прадстаўнік Камісіі па пытаннях энергетыкі сейму Літвы Віргіліюс Падэрыс.

Паводле яго, падчас галасавання 99 дэлегатаў былі «за», 18 – «супраць», 8 – устрымаліся.

Напярэдадні Віргіліюс Падэрыс заяўляў, што рэзалюцыя, хай і не абавязвае Беларусь, усё ж з’яўляецца важным інструментам ціску на Менск.

МАгАтЭ ацэньвае аварыйную гатовасць БелАЭС

У пачатку тыдня ў Беларусь прыехала місія МАгАтЭ, каб ацаніць аварыйную гатовасць на Беларускай АЭС. Чалец рады грамадскага аб’ядання «Экадом» Ірына Сухій падзялілася з Belsat.eu сваім меркаваннем, чаго чакаць ад гэтага візіту:

«МАгАтЭ– не кантрольны орган. Місія МАгАтЭ – гэта развіццё атамнай энергетыкі. Тое, што яны кантралююць, – нераспаўсюд ядравай зброі. Да нас прыязджалі розныя місіі МАгАтЭ, давалі нейкія рэкамендацыі. Як правіла, гэтыя справаздачы не публікуюцца. І няма такога інструменту, як справаздача пра выкананне рэкамендацыяў. Калі яны знойдуць нешта зусім драматычнае, можа, неяк змогуць на гэта паўплываць».

Экспертка адзначыла, што ў 1986 годзе МАгАтЭ не мела прэтэнзіяў да рэактару РБМК, усталяванага на Чарнобыльскай АЭС. Уладам жа Беларусі прыезд міжнародных экспертаў выгадны, мяркуе Ірына Сухій:

«Улады будуць выкарыстоўваюць гэтую місію як піяр. Што прыехала місія, высока ацаніла нашыя дасягненні і дала рэкамендацыі».

НМ, belsat.eu, паводле Delfi

Стужка навінаў