Паразіты ад недажурналістыкі, або Як перамагчы «нячэсных»

Дзяржмедыі не здольныя парадзіць анічога жывога і журналісцкага. Яны смокчуць бюджэт, яны змушаюць «рабіць падпіску», яны маюць манаполію на афіцыйную інфармацыю. Сёння яны «паказалі зубы». Піша рэдактар Belsat.eu Зміцер Ягораў.

У «расследаванні» «Советской Белоруссии», прысвечаным справе незаконнага (?) доступу да платнай падпіскі дзяржаўнай агенцыі «БелТА» прамільгнуў выраз «паразіты ад журналістыкі». І з кантэксту вынікае, што паразіты – гэта журналісты, што выкарыстоўваюць у сваіх публікацыях інфармацыю з «БелТА».

«Белсат» больш за 10 гадоў працуе нелегальна. Перад намі захлопваюць дзверы, чыноўнікі «пасылаюць» журналістаў, міліцыянты скручваюць, суддзі – спраўна нас судзяць за тое, што мы нясем праўду. І мы як ніхто ведаем, што дагрукацца да ўлады, атрымаць інфармацыю – вельмі цяжка, а часам і немагчыма.

Галоўны закід супраць журналістак з TUT.BY і БелаПАН – карыстанне з платнай падпіскі «БелТА»: залагоўваючыся на іхны сэрвіс, можна атрымаць доступ да «афцыёзу» трошку раней, чым гэтая інфармацыя з’явіцца ў адкрытым доступе. Вось і ўвесь «грэх». Інфармацыя гэтая не здабытая крывёю і потам, гэта не шэдэўры, народжаныя ў пакутах і натхненні. Гэта – звычайна афіцыёз, які дзяржаўныя медыі фактычна манапалізавалі.

Хто ж тут «паразіт»? Ужо выпадкова не тыя, хто шчыльна сядзіць на рэспубліканскім і мясцовых бюджэтах, хто мае «доступ да цела» практычна любога чыноўніка? Тое, што ствараюць «госы» (гэтак у журналісцкім колы называюць дзяржмедыі) зазвычай не вартае і паперы, на якой яно друкуецца. Уся творчасць і прынцыпы – забітыя цэнзураю і самацэнзураю. Усё, на што яны здольныя – ляпіць сімулякры рэчаіснасці.

Дык што яны абараняюць?

Не, не аўтарскія правы. Не маёмасныя правы на кантэнт. Не інтарэсы падпісчыкаў.

Яны абараняюць сваё права смактаць бюджэт, пускаць бурбалкі псеўдажурналістыкі. Незалежныя медыі штучна аслабленыя, але пры гэтым канкуруюць з тымі, хто два дзесяцігоддзі плавае ў «сіропе» датацыяў і асаблівага стаўлення. Але колькі п’яўку не кармі, птушкай яна не стане, і крылы не разгорне.

Гэтая крымінальная (!) справа магла б мець хоць трошку сэнсу, калі б усе медыі працавалі ў роўных умовах. Нельга казаць пра закон, аўтарскія правы, правы на кантэнт, калі з самага пачатку розныя медыі пастаўленыя штучна і супрацьзаконна ў няроўныя ўмовы. Гэта проста не мае сэнсу.

Асобна здзіўляе неадэкватныя дзеянні «праваахоўнікаў» – кідаць журналістак у камеры, бо… Бо што яны зробяць, перашкодзяць следству? Узламаюць сервер «БелтТА» з логамі? Падпільнуюць у пад’ездзе дырэктарку «БелТА» Ірыну Акуловіч і зламаюць ёй ногі ў стылі самых жорсткіх крымінальнікаў? Відавочна, што справа мае выключна палітычныя матывы.

А тым часам следчыя працягваюць карміць п’яўку – ужо апублікаваныя матэрыялы «праслушкі». Гэта ўсё больш нагадвае «маленькую пабеданосную вайну». Заваяваць давер чытача «госы» не могуць. Затое могуць папрасіць «гаспадара» даць канкурэнтам па цемечку.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў