Парашэнка загадаў прывесці войска ў стан узмоцненай баявой гатовасці


Кіеў рэагуе на расейскія заявы пра ўкраінскіх дыверсантаў у Крыме.

Кіеў чакае расейскіх правакацыяў

У Кіеве не выключаюць, што справу гэтак званых тэрарыстаў Масква можа выкарыстаць як прэтэкст да новай фазы вайны ва Украіне. Прэзідэнт Пятро Парашэнка правёў тэрміновую сустрэчу з прадстаўнікамі сілавых ведамстваў, на якой загадаў прывесці ў стан узмоцненай баявой гатовасці падраздзяленні ўзброеных сілаў Украіны, Нацыянальнай гвардыі і службы бяспекі.

У той жа час Міністэрства абароны Украіны паінфармавала аб высокай імавернасці маштабных правакацыяў па ўсёй лініі сутыкнення на ўсходзе Украіны з мэтаю сарваць Менскія дамоўленасці.

Новы крызіс расейска-украінскіх дачыненняў

У сераду 10 жніўня ФСБ Расеі абвесціла аб перадухiленні ў Крыме тэрактаў, падрыхтаваных выведкай Украіны. Расейцы паведамілі пра гібель двух сваіх сілавікоў у баях на мяжы паўвострава.

Адначасова на поўдні Расеі і ў Чорным моры пачаліся буйныя вучэнні расейскіх войскаў. Украінскі бок называе гэта агрэсіўнай дэманстрацыяй сілы ў Крыме. Расейцы лічаць звычайнай адпрацоўкай баявой гатовасці.

«У працэсе вучэнняў мы адпрацоўваем пытанні аператыўных відаў забеспячэння», – заявіў галоўнакамандуючы расейскім флотам Уладзімір Каралёў.

У пятніцу Крэмль нават дапусціў разрыў дыпламатычных дачыненняў з Украінай.

Сітуацыяй занепакоены Дзярждэпартамент ЗША. А ўчора познім вечарам за зачыненымі дзвярыма адбылося тэрміновае паседжанне Рады Бяспекі ААН. Сустрэчу ініцыяваў афіцыйны Кіеў. Падчас спаткання ўкраінскі бок запатрабаваў ад Расеі доказаў, якія б маглі пацвердзіць наяўнасць у Крыме ўкраінскіх тэрарыстычных груповак. Паводле афіцыйнага прадстаўніка Украіны пра ААН, усе абвінавачанні ўкраінскага боку гэта толькі словы.

«Я спадзяюся, што гэтае абмеркаванне дапаможа Расеі зразумець, што яны не могуць так далей сябе паводзіць. Мы кажам пра сорак тысяч расейскіх жаўнераў у Крыме і ў беспасярэдняй блізкасці ад украінскай мяжы. Гэтыя лічбы могуць адлюстроўваць вельмі дрэнныя намеры», – кажа прадстаўнік Украіны пры ААН Уладзімір Ельчанка.

Пакуль жа Крэмль актыўна развівае матыў украінскага тэрарызму ў Крыме. Паводле Міністэрства замежных справаў Расеі, украінскія і расейскія грамадзяне, затрыманыя за нібыта падрыхтоўку тэрактаў на паўвостраве ўжо прызналі сваю віну. Сярод іх Яўген Панаў, які меўся працаваць на ўкраінскую выведку. У расейскіх медыях з’явіліся матэрыялы допыту.

Ян  Бабіцкі

Стужка навінаў