Парашэнка выбачыўся за здарэнне з самалётам «Белавіі»


У чацвер паводле ініцыятывы ўкраінскага боку адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі.

Пятро Парашэнка прынёс прабачэнні за здарэнне з самалётам «Белавіі» і заявіў, што «вінаватыя пакараныя».

Прэзідэнты дамовіліся, што адпаведныя службы ў бліжэйшы час правядуць кансультацыі аб супрацы ў галіне бяспекі для перадухілення ў будучыні падобных здарэнняў.


21 кастрычніка беларускі самалёт, які ляцеў з Кіева ў Менск і быў у 50 км ад мяжы з Беларуссю, вярнулі ў аэрапорт па патрабаванню Службы бяспекі Украіны.

Пасля пасадкі ў Кіеве праваахоўныя органы Украіны знялі з борта аднаго з пасажыраў – грамадзяніна Арменіі.

Пасля дазапраўкі рэйс вылецеў у Менск, а знятага пасажыра адпусцілі, ён вылецеў у Менск наступным рэйсам.


Як падае афіцыйная старонка Лукашэнкі, падчас тэлефоннай размовы прэзідэнты «абмеркавалі парадак дня двухбаковых дачыненняў» і «перспектывы развіцця гандлёва-эканамічнай супрацоўніцы», а таксама адзначылі, што «нягледзячы на зніжэнне ў апошні час двухбаковага тавараабароту, існуе станоўчая дынаміка, якую неабходна замацаваць»ды падсумавалі, што «праца па ліквідацыі барʼераў ва ўзаемным гандлі вядзецца ў канструктыўным рэчышчы».

Падчас размовы Лукашэнка і Парашэнка дамовіліся пра пра асабістую сустрэчу – яна павінная адбыцца яшчэ да канца гэтага года. Міністэрствы замежных справаў абедзвюх краінаў будуць вызначыць зараз дату сустрэчы.

ДД

Стужка навінаў