Парашэнка: Вайна завершыцца, калі Украіна верне сабе Данбас і Крым


Мірнае жыццё ва Украіне адновіцца тады, калі дзяржава верне сабе Крым і Данбас, пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.

«Колькі гэта зойме часу? Столькі, колькі трэба», – сказаў кіраўнік дзяржавы ў інтэрв’ю тэлеканалу «СТБ».

У гэтым пытанні, дадаў прэзідэнт, краіна будзе бескампраміснай, падае Бі-Бі-Сі.

Пятро Парашэнка адзначыў, што аптымальным сцэнаром лічыць спыненне баявых дзеянняў і вяртанне пад кантроль Украіны ўсіх тэрыторый Данецкай і Луганскай вобласцяў мірным шляхам.

«Для гэтага намі ўжо ўчора публічна прапанаваны на пасяджэнні трохбаковай рабочай групы сумесны зварот Украіны і АБСЕ ў Расейскую Федэрацыю з шэрагам прапаноў па адводзе тэхнікі», – адзначыў ён.

Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што важна вызваліць усіх закладнікаў і забяспечыць бесперашкодны доступ прадстаўнікоў маніторынгавай місіі АБСЕ да ўсіх аб’ектаў.

Пятро Парашэнка таксама заявіў, што лічыць штучным падзел Украіны па пытаннях мовы і веры.

«Калі на тэрыторыі Украіны не будзе акупацыйных войскаў – пытанне прымірэння наагул не будзе стаяць, таму што нас нічога не раз’ядноўвае. Усе пытанні па нібыта нашага падзелу, якія тычацца мовы, зямлі, веры, любыя іншыя – яны абсалютна штучныя», – заявіў ён.

«І сёння мы можам сцвярджаць, што ўкраінская нацыя, украінская дзяржава і ўкраінскі народ ніколі не былі такімі аб’яднанымі як цяпер», – дадаў прэзідэнт Украіны.

Ён таксама лічыць, што ва ўсіх украінскіх рэгіёнах людзі аднолькава любяць сваю краіну.

«Тэзіс пра тое, што Украіна расколатая, – хлуслівы, тэзіс пра тое, што нам неабходна прымірэнне, – несправядлівы. Узаемаразумення сярод украінцаў мы дасягнем вельмі хутка», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У канцы красавіка прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў, што, адстойваючы свае інтарэсы ў Крыме, Расея пойдзе да канца. Паводле звестак НАТО, Расея можа рыхтаваць наступ на Данбасе.

МЯ, паводле bbc.co.uk

Стужка навінаў