Парашэнка пракаментаваў затрыманне Саакашвілі і назваў ягоных прыхільнікаў «гоп-кампаніяй»


Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў Саакашвілі і ягоных прыхільнікаў «гоп-кампаніяй, фінансаванай з Масквы».

Парашэнка заявіў, што ўчорашнія падзеі, звязаная з няўдалым затрыманнем праваахоўнікамі лідара партыі «Рух новых сіл» Міхэіла Саакашвілі, «ашаламілі і шакавалі ўсю краіну», перадае УНІАН.

«Войска, Нацыянальная гвардыя, іншыя сілавыя падраздзяленні трывала трымаюць абарону на ўсходзе нашай краіны. Цяпер, калі мы памужнелі, адужалі, здабылі вопыт, – сілай нас не возьмеш », – сказаў Парашэнка.

Паводле слоў прэзідэнта Украіны, «усё большую стаўку вораг робіць на тое, каб біць у спіну, падрываць знутры, дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне«.

«Я думаў, мяне цяжка чымсьці здзівіць. Але тое, што ўчора ўбачыла і пачула ўся краіна, ашаламіла і шакавала ўсіх. Вядома, дзякуй СБУ і ГПУ за прафесійную працу па абароне нацыянальных інтарэсаў і дзяржаўнасці. Але, што цешыць, дык гэта тое, што ўкраінскі народ яшчэ раней, да нашых сілавікоў, раскусіў прафінансаваную з Масквы гоп-кампанію – і таму праігнараваў той лагер пад Вярхоўнай Радай», – сказаў ён.



Раней Генпракуратура Украіны абвясціла Саакашвілі ў вышук па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. У прыватнасці, яму інкрымінуюць замах на злачынства і садзейнічанне ўдзельнікам злачынных арганізацый і ўтойванне іх злачыннай дзейнасці.

Раніцай 5 снежня ў доме на вуліцы Касцельнай ў кватэры, дзе пражывае Саакашвілі, сілавікі правялі ператрусы. Пазней яны затрымалі Саакашвілі і пасадзілі ў аўтамабіль, аднак актывісты заблакавалі праезд. Паміж праваахоўнікамі і актывістамі адбыліся сутыкненні. Праз некаторы час супрацьстаяння актывісты разбілі вакно, зламалі дзверы ў мікрааўтобус і вызвалілі Саакашвілі. Праваахоўнікі ўжылі слезацечны газ.

Саакашвілі і ягоныя прыхільнікі прыйшлі да Вярхоўнай Рады – там дагэтуль трывае мітынг.

Генпракурор Украіны Юры Луцэнка заявіў, што Саакашвілі арганізаваў акцыі пратэсту з мэтай захопу дзяржаўнай улады ва Украіне і садзейнічання членам злачыннай групоўкі экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча і бізнэсоўца Сяргея Курчанкі ў спыненні іх крымінальнага пераследу. У сваю чаргу Саакашвілі адхіліў абвінавачванні Луцэнкі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў