Парашэнка: Украіна будзе ў Еўразвязе


Паводле ўкраінскага прэзідэнта, у намеры далучыцца да аб’яднанай Еўропы Украіну ніхто не спыніць.

У суботу Пятро Парашэнка запусціў сімвалічны «таймер безвізу», які адлічыць апошнія гадзіны да набыцця моцы бязвізавага рэжыму ЕЗ з Украінай.

«Праз 12 гадзінаў апошні гук зваротнага адліку азнамянуе апраўданне нашых надзеяў. Ён будзе значыць падзенне няхай не бетоннай берлінскай сцяны, але папяровай заслоны, якая доўгія гады аддзяляла ўкраінцаў ад еўрапейскай сямʼі, – сказаў Парашэнка. – І сёння а 12-й уночы, калі наступіць гістарычная дата 11 чэрвеня, гэтая папяровая заслона ўпадзе».

Паводле Парашэнкі, гэта не завяршэнне шляху, а «магутны працяг рэформаў у краіне».

«Я веру: Украіна будзе ў НАТО, я веру, Украіна будзе ў Еўразвязе і нішто, і ніхто, і ніколі нас не спыніць», – сказаў ён.

Бязвізавы рэжым Украіны з Еўразвязам уступіць у сілу сёння апоўначы. Усе грамадзяне Украіны пры наяўнасці біяметрычнага пашпарту змогуць наведваць без візаў і знаходзіцца 90 дзён на працягу кожнага паўгода ўва ўсіх краінах-чальцах ЕЗ (акрамя Вялікай Брытаніі і Ірландыі), а таксама Швейцарыю, Ліхтэнштэйн, Ісландыю і Нарвегію.

ДД

Стужка навінаў