Лукашэнка пра саміт: Елі яешню, малочныя прадукты, выпілі некалькі вёдраў кавы


Вынікі менскага саміту і каментары лідараў краінаў «нармандскай чацвёркі».

Як адзначыў генсек АБСЕ Ламберта Заньер, вынікі сустрэчы«нармандскай чацвёркі» вельмі важныя і патрэбныя.

« Я спадзяюся, што яны будуць спрыяць стабілізацыі сітуацыі ва Украіне», – адзначыў ён.

Кіраўнік Польшчы Браніслаў Камароўскі таксама пракаментаваў перамовы ў Менску.

«Польшча нязменна была, ёсць і будзе на баку Украіны, як краіны, на якую напалі», – зазначыў у чацвер на прэс-канферэнцыі прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі.

Палітык дадаў, што Польшча разглядае наступствы перамоваў у нармандскім фармаце як важную спробу развязаць канфлікт, заканчэнне якога аднак цяжка прадбачыць. «Ключ ды ўрэгулявання канфлікту ляжыць у Маскве», – адзначыў ён.

Аналітык Інстытуту Еўра-Атлантычнай супрацы (Украіна) Уладзімір Горбач мяркуе, што менскія перамовы не дапамаглі канчаткова вырашыць вайсковы канфлікт між Украінай і Расеяй:

«Нармандская чацвёрка» у Менску на найвышэйшым узроўні разглядала пытанні, якія ўваходзяць у кампетэнцыю трохбаковай групы, то бок пытанні тэхнічнага характару». Тым не менш эксперт кажа, што вынік доўгіх перамоваў можна назваць пазітыўным.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў пра дасягнутую дамоўленасць аб хуткім вызваленні лётчыцы Надзеі Саўчанка, паведамляе «РІА Новости».

У сваю чаргу прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд назваў дамоўленасці менскага саміту «палёгкай для Еўропы», а расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін сказаў, што гэта была не лепшая ноч у яго жыцці. «Але раніца добрая, бо нягледзячы на ўсе складанасці перамоўнага працэсу, нам удалося дамовіцца аб галоўным», – адзначыў лідар Расеі.

Нямецкі міністр замежных справаў Вальтэр Штайнмаер таксама падвёў вынікі перамоваў: «Гэтага не будзе дастаткова шмат для каго. Нават мы хацелі б нашмат больш».

«Елі яешню, малочныя прадукты, выпілі некалькі вёдраў кавы», – адзначыў кіраўнік Беларусі. Па яго словах, кармілі ўсім, што вырабляецца ў Беларусі і Расеі.

Журналісты запыталіся ў Аляксандра Лукашэнкі, ці змог ён паспаць гэтай ноччу:

«Як я магу спаць? Як без боепрыпасаў можа ісці вайна на мірным фронце? Мая задача была боепрыпасы паднасіць своечасова. Таму я стараўся выконваць свае функцыю», – вобразна выказаўся Лукашэнка, намякаючы на добрую арганізацыю сустрэчы лідараў «нармандскай чацвёркі».

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў