Парашэнка распавёў пра апошнюю размову з Пуціным


Падчас прэс-канферэнцыі 14 траўня прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка паведаміў, што апошні раз размаўляў з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным пра «закладнікаў». Украінскі лідар не ўдакладніў, калі менавіта адбылася размова.

«Мая апошняя тэлефонная размова з Пуціным была пра закладнікаў. Мы абмеркавалі маю просьбу неадкладна вызваліць Сушчанку з расейскай турмы. У выніку гэтых перамоваў была арганізаваная сустрэча Рамана ў турме з сямʼёй», – сказаў Парашэнка.

Раней газета «Коммерсантъ», спасылаючыся на ананімную крыніцу паведамляла, што Пуцін і Парашэнка размаўлялі па тэлефоне ў першай палове красавіка і абмяркоўвалі абмен палоннымі.

Крыніца выдання ў Маскве ўдакладніла, што размова праходзіла ў «карэктным ключы». Але «прэзідэнты былі вымушаныя жартаваць, каб не пасварыцца і не нагаварыць адзін аднаму “резкостей”», дадаў суразмоўца газеты.

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў не пацвердзіў і не зняпраўдзіў гэтую інфармацыю.

ЮВ, belsat.eu, паводле vedomosti.ru

Стужка навінаў