Парашэнка прывёз у Мюнхен пашпарты расейскіх вайскоўцаў


Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падчас выступу на дэбатах у Мюнхене, прысвечаных сітуацыі ва Украіне, паказаў прысутным пашпарты расейскіх вайскоўцаў, затрыманых на ўкраінскай тэрыторыі.

«Цяпер мы адчуваем уплыў расейскіх танкаў і зброі – колькі яшчэ доказаў нам трэба, каб прызнаць, што расейскія найміты, зброя і войскі знаходзяцца на тэрыторыі Украіны. Я ўзяў з сабой пашпарты расейскіх вайскоўцаў, якія прыехалі да нас. Гэта найлепшы доказ расейскай агрэсіі і прысутнасці расейскіх вайскоўцаў», – падкрэсліў кіраўнік Украіны.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Парашэнка адзначыў, што ўсе на ўсіх канферэнцыях і сустрэчах, якія цяпер праводзіць Украіна, дзяржава дэманструе доказы, што на яе тэрыторыі ёсць расейскія жаўнеры і афіцэры, «якія, як яны кажуць, згубіліся на многія кіламетры ад межаў са зброяй і танкамі, якія забіваюць нашых суайчыннікаў», заўважае hromadske.tv.

Прэзідэнт Украіны заявіў, што падзеі ў Данбасе адкідваюць Еўропу назад, калі на еўрапейскім кантыненце існавала права моцнага, як фактар геапалітыкі, падае liga.net.

У гэтыя дні ў Мюнхене праходзіць 51-я канферэнцыя па бяспецы, у якой бяруць удзел каля 20 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, а таксама прыкладна 60 міністраў замежных спраў і міністраў абароны, прадстаўнікі дзелавых і навуковых колаў, праваабарончых арганізацыяў з усяго свету.

Сёння для ўдзелу ў канферэнцыі ў Нямеччыну прыбыў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. Ён спаткаўся ў Мюнхене з Федэральным канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель і віцэ-прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам.

МЯ, паводле hromadske.tv, liga.net

Стужка навінаў