Парашэнка прапанаваў узмацніць санкцыі супраць Расеі з-за прызнання пашпартоў ДНР і ЛНР


Кіраўнік Украіны Пятро Парашэнка зрабіў заяву пра ўзмацненне санкцый супраць Расеі праз прызнанне пашпартоў самаабвешчаных рэспублік Данецка і Луганска. Пра гэта паведамляе 21 лютага сайт president.gov.ua.

Паводле Парашэнкі, прызнанне дакументаў самаабвешчаных рэспублік «з пункту гледжання міжнароднага права зʼяўляецца элементам прызнання незаконных фарміраванняў і дэ-факта адмовы ад менскага працэсу, паколькі гэтыя крокі несумяшчальныя з імплементацыяй менскіх пагадненняў».

«Лічым, што гэта надзвычай трывожная зʼява, і яна патрабуе рашучых дзеянняў аж да ўзмацнення санкцыяў», – сказаў ён.

Парашэнка зрабіў заяву на сустрэчы з камісарам ЕЗ па пытаннях гуманітарнай дапамогі і кіравання ў крызісных сітуацыях Хрыстасам Стыльянідысам.



Пра прызнанне Расеяй пашпартоў самаабвешчаных ДНР і ЛНР стала вядома ў суботу, 18 лютага. Адпаведны ўказ падпісаў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін. Паводле гэтага ўказу, дакументы будуць прызнавацца «на перыяд да палітычнага ўрэгулявання сітуацыі ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай вобласцяў Украіны на падставе Менскіх пагадненняў».

Уезд у Беларусь па дакументах ДНР і ЛНР зараз немагчымы

Пра гэта ў каментары Tut.by паведаміў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі.

Перасячэнне дзяржаўнай мяжы магчымае толькі па дакументах, што даюць на гэта права, згодна з міжнароднымі і двухбаковымі дамовамі.

«Мы выконваем дзеючае заканадаўства. Пры адсутнасці ў асобаў, што перасякаюць дзяржаўную мяжу, дакументаў, якія даюць на гэта (перасячэнне) права, мы іх прапусціць не можам», – патлумачыў Антон Бычкоўскі.

ВД, паводле president.gov.ua

Стужка навінаў