Парашэнка падпісаў закон пра допуск вайскоўцаў ЗША і Канады ва Украіну


Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў закон пра допуск вайсковых падраздзяленняў з іншых дзяржаў на тэрыторыю Украіны. Дзеля ўдзелу ў шматнацыянальных вучэннях у лістападзе-снежні гэтага года ва Украіну прыедуць каля 1,5 тыс. амерыканскіх жаўнераў.

Згодна з указам прэзідэнта Украіны ад 6 лістапада, на тэрыторыю Украіны дапускаюцца для ўдзелу ў шматнацыянальных вучэннях вайскоўцаў Узброеных сіл ЗША, іншых краін-чальцоў НАТО і дзяржаў-удзельніц праграмы «Партнёрства дзеля міру». Замежныя войскі могуць знаходзіцца ва Украіне тэрмінам да 61 дня, падае interfax.by са спасылкай на прэс-цэнтр кіраўніка Украіны.

Плануецца, што ўдзел у вучэннях возьмуць да 5,3 тыс. вайскоўцаў, у тым ліку да 2,8 тыс. – ад Узброеных сіл Украіны, да 1,5 тыс. – ад Узброеных сіл ЗША і да 1 тыс. – ад іншых краін-чальцоў НАТО і дзяржаў-удзельніц праграмы «Партнёрства дзеля міру».

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў