Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў змены ў закон аб спецыяльным парадку мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данбасу.
Пра гэта паведамляе lb.ua са спасылкай на прэс-службу кіраўніка Украіны.
Спецыяльны статус гэтыя раёны Данбасу маюць атрымаць пасля правядзення мясцовых выбараў, гаворыцца ў дакуменце.
Гэтыя выбары мусяць быць прызначаныя і праведзеныя згодна з Канстытуцыяй і заканадаўствам Украіны з захаваннем прынцыпаў роўнасці, свабоды і празрыстасці, публічнасці і адкрытасці выбарчага працэсу, а таксама з выкананнем стандартаў АБСЕ ў правядзенні дэмакратычных выбараў.
У прыватнасці, мусіць быць забяспечаны ўдзел у назіранні за выбарамі міжнародных назіральнікаў, бяспечныя ўмовы і бесперашкодны ўдзел афіцыйных назіральнікаў, вывядзенне ўсіх незаконных узброеных фармаванняў, іх вайсковай тэхнікі, а таксама баевікоў і наймітаў з тэрыторыі Украіны, недапушчэнне незаконнага ўмяшання ў выбарчы працэс, у тым ліку з боку незаконных узброеных груповак.
На выбарах мусяць быць захаваны прынцыпы палітычнага плюралізму і шматпартыйнасці, роўнасці правоў і магчымасцяў удзелу ў выбарчым працэсе, забяспечана свабода перадвыбарчай агітацыі, роўныя магчымасці доступу да медыяў і аднаўленне з гэтай мэтай украінскага тэле- і радыёвяшчання, друкаваных медыяў на ўсёй тэрыторыі Данецкай і Луганскай вобласцяў.
Акрамя таго, мусяць быць выкананы гарантыі вольнага волевыяўлення і тайнага галасавання, выбарчыя правы ўнутраных перасяленцаў, празрысты падлік галасоў, вызначэнне вынікаў галасавання і вынікаў мясцовых выбараў.
Закон уступае ў сілу з дня, наступнага за днём яго апублікавання.
17 сакавіка Вярхоўная Рада Украіны ўвяла асобы парадак мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай вобласцяў з дня ўступлення ў паўнамоцтвы органаў мясцовага самакіравання.
МЯ, belsat.eu, паводле lb.ua