Парашэнка на сустрэчы з Камароўскім: Польшча – наш найбуйнейшы прыхільнік


Украінскі прэзідэнт знаходзіцца з двухдзённым візітам у Польшчы, дзе ён сёння сустрэўся са сваім польскім калегай Браніславам Камароўскім і падпісаў закон аб ратыфікацыі Польшчай пагаднення аб асацыяцыі Еўрасаюза з Украінай.

Польскі лідар заявіў, што візіт Парашэнка – «магчымасць падкрэсліць польскую салідарнасць з Украінай у перыяд цяжкасцяў, глыбокага крызісу, які перажывае краіна, між іншага, праз агрэсію расейскага суседа».

Браніслаў Камароўскі адзначыў, што Варшава «падтрымлівае Украіну на яе шляху да інстытуцый заходняга свету». Польскі прэзідэнт паабяцаў наведаць Кіеў з афіцыйным візітам у красавіку 2015 года.

Камароўскі таксама заявіў, што Польшча гатовая падтрымаць ваенную рэформу ва Украіне і гатовая прадаваць суседцы зброю.

Парашэнка ў сваю чаргу паведаміў, што пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе можа адбыцца ў Менску 21 снежня.

У планах Парашэнкі сустрэча з прэм’ер-міністрам Эвай Копач, маршалкам сейму і сенату Радаславам Сікорскім і Багданам Барусевічам. 18 снежня ўкраінскі лідар наведае Люблін, дзе сустрэнецца са студэнтамі і прадстаўнікамі ўкраінскай і польскай абшчынаў, а таксама з камандаваннем шматнацыянальнай літоўска-польска-украінскай брыгады.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў