Парашэнка: Мы гатовыя да ўвядзення ваеннага становішча ў краіне


Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заяўляе, што гатовы прыняць рашэнне, каб увесці ваеннае становішча на ўсёй тэрыторыі краіны.

Пра гэта ён заявіў сёння ў час пашыранага пасяджэння ўрада з удзелам кіраўнікоў украінскіх вобласцяў, інфармуе unian.net.

«Магу падкрэсліць, што і я, і ўрад, і Вярхоўная Рада гатовыя да прыняцця рашэння аб увядзенні ваеннага становішча на ўсёй тэрыторыі краіны. І я ні ў якім разе не буду затрымлівацца з гэтым рашэннем, калі безадказныя дзеянні агрэсара прывядуць да сурёзнай далейшай эскалацыі канфлікту», – сказаў Парашэнка.

Паводле Парашэнкі, дэцэнтралізацыя ўлады ў краіне не будзе мець нічога агульнага з федэралізацыяй, падае interfax.by.

«Дэцэнтралізацыя, якую мы распрацоўваем, не будзе мець нічога агульнага з федэралізацыі. Украіна была, ёсць і будзе ўнітарнай дзяржавай. Гэта цалкам адпавядае дачыненням украінскага народу, і я казаў, што больш за 90% цвёрда стаяць на пазіцыі ўнітарнай дзяржавы», – адзначыў лідар Украіны.

Пятро Парашэнка мае сёння ўзяць удзел у спатканні з кіраўнікамі Нямеччыны, Францыі і Расеі ў Менску. Гэтую сустрэчу аналітыкі называюць вызначальнай для далейшага лёсу Данбасу.

МЯ, паводле unian.net, interfax.by

Стужка навінаў