Парашэнка: Крым ператвараецца ў сапраўдны канцлагер


Крым ператвараецца ў сапраўдны канцэнтрацыйны лагер, заявіў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, выступаючы на штогадовым саміце Ялцінскай еўрапейскай стратэгіі (YES) у Кіеве.

«Гэты акупаваны ўкраінскі паўвостраў Расея ператварае ў магутную зону вайсковай прысутнасці, змяняючы на сваю карысць баланс сіл у Чорным моры. Для тых, хто верыць у чалавечыя каштоўнасці і правы чалавека, Крым ператвараецца ў сапраўдны канцэнтрацыйны лагер, дзе ўводзяцца савецкія стандарты пакаранняў і карнай медыцыны», – сказаў Парашэнка, прывёўшы ў якасці прыкладу выпадак намесніка старшыні забароненага ў Расеі Меджлісу крымскіх татараў Ільмі Умерава.

«Умерава прымусова змясцілі ў псіхіятрычную клініку. Тое, што адбылося з ім, відавочна дэманструе (…) цынічную палітыку крамлёўскіх уладаў у дачыненні да ўкраінскіх актывістаў у акупаваным Крыме», – зазначыў украінскі прэзідэнт.

Парашэнка таксама заявіў, што «акупацыйная ўлада не можа і не здольная забяспечыць належныя ўмовы жыцця ў Крыме». Паводле яго, «гэта тлумачыць лозунг Мядзведзева: грошай няма, але вы там трымайцеся».

Ён таксама заявіў, што Украіна не будзе гандлявацца Крымам за добрае рашэнне наконт Данбасу. «Мы ніколі не прымем і ніколі не будзем гандлявацца з гэтай нагоды. Крым – гэта ўкраінская тэрыторыя. Гэта вельмі небяспечны прэцэдэнт. Прэцэдэнт, які адбываецца ў цэнтры Еўропы ў XXI стагоддзі. Мы не павінны дазваляць такім прэцэдэнты ў прынцыпе», – заявіў прэзідэнт Украіны, словы якога апублікаваў у «Фэйсбуку» ягоны прэс-сакратар Святаслаў Цэголка.

МЯ, паводле 112.ua

Стужка навінаў