Парашэнка кіраўніцтву ЛНР і ДНР: Яны могуць начапіць сабе на галаву нават карону, але ўсё роўна застануцца бандытамі


Украіна працягне свой шлях у Еўропу і ніколі не прызнае «выбары 2 лістапада» ў самаабвешчаных рэспубліках, – запэўніў 3 лістапада ў сваім звароце Пятро Парашэнка.

Кіраўнік Украіны паабяцаў, што яго краіна працягне свой шлях у еўрапейскім накірунку. Пры гэтым новаабраныя лідары самаабвешчаных рэспублікаў на Усходзе Украіны цягнуць захопленыя імі землі ў адваротны бок.

Аляксандр Захарчанка (лідар данецкай групоўкі) 28 кастрычніка напярэдадні г. зв. выбараў, прапанаваў у сваім «Twitter’ы» Джону Кэрры (дзяржсакратар ЗША) не лезці не ў свае справы, пасля таго як амерыканскі дыпламат чарговы раз падкрэсліў, што выбары на Данбасе – фікцыя.

На пост Захарчанкі Кэрры канечне ж не адрэагаваў. Захад ва ўнісон з Украінай ні на секунду не паверыў у легітымнасць выбараў, якія адбыліся ў ЛНР і ДНР. Больш таго, пра данбаскую выбарчую самаволку ніхто нават і не ўзгадаў. 

Пры гэтым Расея прымала непасрэдны ўдзел у выбарчай кампаніі. Дэпутат ад расейскіх камуністаў Аляксандр Юшчанка нават быў назіральнікам на адным з выбарчых участкаў. У сваім каментары сепаратысцкаму тэлебачанню «Новоросия ТВ», парламентарый падкрэсліў, што пасля шчырай размовы з кіраўніком ДНР стала зразумела – выбары ўсё ж такі былі дэмакратычнымі.

«Нягледзячы на сваю загружанасць Аляксандр Захарчанка змог адказаць на ўсе нашыя пытанні. Сустрэча доўжылася больш за две з паловай гадзіны. На ўсе пытанні былі атрыманыя чэсныя і шчырыя адказы. У гэтым сэнсе выбары адбыліся і яны адпавядаюць усім дэмакратычным стандартам», – рэзюмаваў камуніст Юшчанка.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў