Парашэнка ў Берліне заклікае ўзмацніць ціск на Маскву


Прэзідэнт Украіны заклікаў да байкоту Чэмпіянату свету па футболе, што мусіць прайсці праз 4 гады ў Расеі ды ўзмацніць эканамічныя санкцыі. Заява прагучала ў Берліне, куды Пятро Парашэнка паехаў з афіцыйным візітам.

Украіне трэба дапамога, а Расеі – эканамічныя санкцыі. З такім пасланнем Пятро Парашэнка прыехаў у Нямеччыну – упершыню як прэзідэнт. У шпіталі Дрэздэну Парашэнка наведаў і ўзнагародзіў параненага ўкраінскага афіцэра, які падчас баёў пад Луганскім аэрапортам коштам свайго здароўя выратаваў жыцці 400 байцоў, прыкрыўшы іх адступленне.

«Уся краіна табой ганарыцца. Гэтак нараджаюцца ўкраінскія героі», – сказаў Парашэнка афіцэру, на што той адказаў, што ганарыцца сваёй краінаю.

Узбраенне ў дапамогу ўкраінскаму войску Нямеччына, паводле Ангелы Мэркель, даваць пакуль не будзе. Берлін мог бы дапамагчы хаця б у пытанні нямецкіх грамадзянаў, што цяпер ваююць на баку баевікоў. Паводле нямецкіх медыяў, гэта не менш за сотню выхадцаў з Савецкага Саюзу з нямецкімі пашпартамі ды нават жаўнераў Бундэсвера. Але галоўная просьба Кіева – працягнуць, а лепш пашырыць эканамічны ціск на спонсараў данецкіх тэрарыстаў, якія парушаюць дамоўленасці аб спыненні агню.

«Вы памятаеце, што гэта супраць Украіны былі праведзеныя моцныя наступальныя аперацыі, уключна з Дэбальцава», – нагадаў Пятро Парашэнка.

Ангела Мэркель, аднак, кажа і дзейнічае асцярожна. Нямецкая эканоміка занадта моцна звязаная з расейскай, і санкцыі на ёй таксама адабюцца. «Пытанне санкцыяў – не галоўны пункт абмеркавання, галоўнае – палітыка выканання менскіх дамоўленасцяў. Нельга даваць прыярытэту санкцыям. Але мы зацікаўленыя ў тым, каб палітычныя абавязкі выконваліся», – заявіла канцлер.

Пакуль Берлін выказвае глыбокую занепакоенасць і асцярожнічае, ініцыятыву на вонкавапалітычным полі Еўразвязу пачынае перахопліваць Лондан. Філіп Гэманд, міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі, заявіў што Еўропа мае «дакладныя палітычныя абавязкі – захаваць санкцыі, пакуль не будуць выкананыя менскія пагадненні».

Пазіцыя Нямеччыны адносна палітыкі Крамля заўсёды была асцярожнай і нават прыязнай. Але чым далей у Данбас, тым больш дроваў ламае Уладзімір Пуцін. Як вынік: Ангела Мэркель не паедзе святкаваць 9 мая ў Маскву, а Пятра Парашэнку прымаюць сёння ў Берліне на самым высокім узроўні.

Ірына Дарафейчук, Яраслаў Сцешык, «Белсат».

Стужка навінаў