Парашэнка адрэагаваў на прызнанне Расеяй дакументаў ДНР і ЛНР


Кіраўнік Украіны Пётр Парашэнка пракаментаваў указ Уладзіміра Пуціна аб прызнанні дакументаў ДНР І ЛНР. Украінскі прэзідэнт назваў гэты крок «парушэннем міжнароднага права» і «доказам расейскай акупацыі».

Каментар Парашэнка рушыў услед на палях Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы пасля сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам ЗША Майкам Пэнсам.

«Для мяне гэта – чарговы доказ і расейскай акупацыі, і парушэння Расеяй нормаў міжнароднага права», – цытуе Парашэнка «Украінская праўда».

Парашэнка таксама звярнуў увагу на тое, што падпісанне ўказа адбылося падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы і назваў гэты факт «сімвалічным» і «цынічным».

Раней прызнанне Расеяй дакументаў ДНР і ЛНР пракаментаваў сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны (СНБА) Украіны Аляксандр Турчынаў. Ён адзначыў, што падпісанне Крамлём указу «цалкам перакрэслівае менскі працэс». Гэтым крокам, паводле Турчынава, Расея выходзіць з Менскай дамовы.

Пуцін у суботу, 18 лютага, падпісаў указ аб прызнанні дакументаў, выдадзеных грамадзянам Украіны і асобам без грамадзянства, якія пражываюць на тэрыторыях асобных раёнаў Данецкай і Луганскай вобласцяў Украіны.

Акрамя пашпартоў, прызнаюцца дакументы аб адукацыі, пасведчанні аб нараджэнні і смерці, заключэнні і скасаванні шлюбу, а таксама рэгістрацыйныя знакі аўтаў.

Дакумент прыняты, цытата:

«у мэтах абароны правоў і свабодаў чалавека і грамадзяніна, кіруючыся агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнароднага гуманітарнага права».

Пры гэтым адзначаецца, што Расея прызнае такія дакументы «часова, на перыяд да палітычнага ўрэгулявання сітуацыі» на ўсходзе Украіны.

Расследаванне РБК паказала, што пашпарты самаабвешчаных рэспублік мелі статус пасведчання асобы ў Расеі яшчэ да ўказа прэзідэнта.

Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў удакладніў, што Расея прыняла такі крок «выключна па гуманітарных меркаваннях» на той перыяд, «пакуль не будуць выкананыя менскія дамоўленасці».

ВД, паводле rbk.ru

Стужка навінаў