Папяровы рай: на добрушскай ПМК зарабляюць Br 100


Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы» – адное з найстарэйшых і найбуйнейшых прадпрыемстваў краіны. Некалі флагман эканомікі Беларусі – сёння ў заняпадзе: прастоі на вытворчасці і маленькі заробак – тут справа звыклая.

«Ну, напэўна, палепшыцца, палепшыцца становішча. Ўсе спадзяемся, што палепшыцца. Колькі гадоў спадзеяцеся? Не ведаю, усё жыццё будзем спадзявацца», – кажа працаўнік мясцовай папяровай фабрыкі.

«Квіток паказаць? Няма квітка. А ніяк, каб звесткі канцы з канцамі. Вось і ўсе што тут плацяць. 2500? Ну, выходзіць 2500. А што гэта грошы?», – пытаецца іншы працаўнік.

«Два мільёны плацяць наагул. Я працаваў, памятаю, папрацаваў на фабрыцы год недзе, і карацей, і нарэзаў ногі адсюль. Наагул сумнае становішча на фабрыцы», – кажа мясцовы жыхар.

Сярэдні заробак на фабрыцы складае 250 рублёў. Работнікі лічаць такія грошы жабрацкімі і з настальгіяй згадваюць савецкія часы, калі прадпрыемства працавала напоўніцу ды кожны сёмы школьнік СССР пісаў у добрушскім сшытку.

У 2015-ым годзе на базе філіялу фабрыкі «Герой працы» кітайская карпарацыя «Сюань Юань» мелася пабудаваць новы завод і тады ж увесці яго ў эксплуатацыю. Планавалі, што з 2017-га года пасля выхаду на праектную магутнасць комплекс будзе выдаваць прадукцыі 200 тысяч тонаў за год, а выручка ад рэалізацыі прадукцыі ў цэлым у прадпрыемстве мусіла павялічыцца больш як у 16 з паловаю разоў. Ня здарылася гэтага праз фінансавыя цяжкасці і немагчымасць пагасіць крэдыты з рэспубліканскага бюджэту. Праект рэалізуецца за кошт прыцягнення крэдытных рэсурсаў Кітаю абʼёмам амаль $ 350 млн. Але цяпер сітуацыя пад кантролем, толькі 16-га сакавіка падчас прэсавай канферэнцыі сцвердзіў старшыня канцэрну «Беллеспаперапрам» Юрый Назараў.

«У ліпені мы пачынаем пусканаладачныя працы, і ўжо да канца года на гэтых заводах плануюць атрымаць першую прадукцыю», – заявіў старшыня канцэрну «Беллеспаперапрам» Юрый Назараў.

Але ўжо 22-га сакавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ нумар дзевяноста адзін, паводле якога тэрміны ўвядзення ў эксплуатацыю і выхаду на праектную магутнасць не ўстанаўліваюцца наагул.

Тым часам становішча з працай у райцэнтры вельмі напружанае: жыхары абіваюць парогі цэнтру занятасці, найчасцей безвынікова. Больш лёгкая на ўздым моладзь ад безграшоўя ды адсутнасці перспектываў зʼяжджае ў Расею.

«Я тут жыву ўсяго толькі чацвёрты год. Я не ведаю як тут людзі выжываюць наагул. Можа нехта выжывае ў каго свой двор, а я ў кватэры жыву», – кажа мясцовы жыхар.

«Зараз я пакажу вам сваю разлікоўку, што я атрымаў. Вось мільён і сем рублёў. Працы няма ў нашым горадзе. Разлічваюся і збіраюся ехаць на Расею зарабляць. А больш ніякіх варыянтаў няма. Калі ўсё ж рушыць новы камбінат, у Добрушы зʼявіцца 200 новых працоўных месцаў, праўда, гэта наўрад ці развяжа праблемы беспрацоўя паселішча, дзе жывуць амаль дваццаць тысячаў чалавек», – распавядае працаўнік мясцовага ПМК.

Сяргей Пятрухін, «Белсат»

Стужка навінаў