Паплечнікі Нямцова перанеслі дату апублікавання яго дакладу пра Украіну


Даклад забітага расейскага апазіцыянера Барыса Нямцова аб удзеле расейскіх вайскоўцаў у канфлікце ва Украіне, над якім працаваў перад смерцю апазіцыянер, будзе апублікаваны да канца красавіка.

Пра гэта паведаміў паплечнік Нямцова па руху «Солидарность» і «Республиканской партии РоссииПартии народной свободы» («РПР-ПАРНАС») Ілля Яшын, інфармуе korrespondent.net.

«Да канца красавіка, спадзяюся, мы зможам прэзентаваць даклад і пачаць яго распаўсюджванне сярод грамадзянаў Расеі. Мы не збіраемся пераконваць у прысутнасці расейскіх войскаў (на тэрыторыі Украіны – рэд.) заходнюю аўдыторыю, украінцаў – для іх там няма сакрэтаў. А для расейскіх грамадзянаў тая інфармацыя, якая будзе ўтрымлівацца ў дакладзе, шмат у чым стане адкрыццём», – заявіў Яшын.

Крэмль адмаўляе ўдзел расейскіх войскаў ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі Украіны.

Па словах Яшына, у бліжэйшы час калектыў, які працуе над завяршэннем дакладу пад назвай «Пуцін. Вайна», наведае Кіеў, дзе будуць сабраныя дадатковыя матэрыялы. Большая частка сабраных самім Нямцовым матэрыялаў ужо апрацавана.

Раней Яшын заяўляў, што даклад Нямцова пра ролю Расеі ў падзеях на Данбасе будзе абнародаваны ў сярэдзіне красавіка.

Расейкі апазіцыянер Барыс Нямцоў быў забіты ўвечары 27 лютага на Вялікім Маскварэцкім мосце ў непасрэднай блізкасці ад Крамля. Па падазрэнні ў дачыненні да забойства раней былі затрыманыя, а затым арыштаваныя пяць чалавек.

МЯ, паводле korrespondent.net

Глядзі таксама
Каментары