Папа Рымскі і патрыярх Маскоўскі падпісалі дэкларацыю, у якой згадалі ўніятаў ды Украіну

video

Патрыярх Кірыла і папа Францішак. Фота epa/vostock-photo

У Міжнародным аэрапорце імя Хасэ Марці ў кубінскай Гаване прайшла 12-га лютага двухгадзінная сустрэча Папы Рымскага Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірылы, якая стала першай у гісторыі сустрэчай найвышэйшых прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёлу і Расейскай Праваслаўнай Царквы.

Вынікам сустрэчы стала падпісанне сумеснай дэкларацыі, якая ўтрымлівае 30 параграфаў на дзесяці старонках.

Асноўная ўвага падчас сустрэчы ўдзялялася становішчу хрысціянаў на Блізкім Усходзе, а таксама ў іншых рэгіёнах. У прыватнасці, у 26 пункце дэкларацыі гаворка ішла пра становішча хрысціянаў ва Украіне.

https://www.youtube.com/watch?time_continue=63&v=hj77edMkN7M

«Мы смуткуем аб супрацьстаянні ва Украіне»

«Мы смуткуем аб супрацьстаянні ва Украіне, якое забрала ўжо шмат жыццяў, нарабіла шмат гора. Мы заклікаем усе бакі канфлікту да разважлівасці, а нашыя Цэрквы заклікаем не ўдзельнічаць у канфлікце і спрыяць міру ў рэгіёне», – гаворыцца ў дэкларацыі.

У 27-ым пункце іерархі падкрэслілі, што вераць у тое, што раскол праваслаўных вернікаў Украіны будзе пераадолены на аснове існых кананічных нормаў, што ўсе праваслаўныя хрысціяне Украіны будуць жыць у міры і згодзе, а каталіцкія супольнасці краіны будуць гэтаму спрыяць, каб наша хрысціянскае брацтва было яшчэ больш відавочным.

Пра непаразуменні паміж грэка-католікамі і праваслаўнымі

«Спадзяёмся, што наша сустрэча зробіць уклад у прымірэнне там, дзе існуюць непаразуменні паміж грэка-католікамі і праваслаўнымі. Сёння відавочна, што метад «уніятызму» былых вякоў, які прадугледжваў упарадкаванне адной абшчыны ў адзінства з іншай шляхам яе адрывання ад сваёй Царквы, не зʼяўляецца шляхам да ўзнаўлення адзінства.

У той жа час, царкоўныя абшчыны, якія зʼявіліся ў выніку гістарычных акалічнасцяў, маюць права існаваць і рабіць усё неабходнае для задавальнення духоўных патрэбаў сваіх вернікаў, імкнучыся да міру з суседзямі. Праваслаўныя і грэка-католікі маюць патрэбу ў прымірэнні і знаходжанні прымальных формаў узаемнага суіснавання».

«Мы не супернікі, а браты»

«Праваслаўныя і католікі абʼяднаныя не толькі агульнай Традыцыяй Царквы першага тысячагоддзя, але і місіяй пропаведзі Евангелля Хрыстова ў сучасным свеце. Гэта місія прадугледжвае ўзаемную павагу чальцоў хрысціянскіх абшчын, выключае любыя формы празелітызму.

Мы не супернікі, а браты: з гэтага разумення мы павінны сыходзіць ва ўсіх нашых дзеяннях у адносінах адзін да аднаго і да вонкавага свету. Заклікаем католікаў і праваслаўных ва ўсіх краінах вучыцца жыць разам у міры, любові і аднадумстве паміж сабою (Рым 15,5)», – гаворыцца ў дэкларацыі, якую падпісалі іерархі.

Паездка ў Мексіку і гістарычны прыпынак у Гаване – гэта 12-я паездка Папы Францішка з моманту Пантыфікату і 4-ы візіт у Лацінскую Амерыку.

МЯ, паводле catholic.by

Глядзі таксама
Каментары